«Упершыню за 83 гады легендарны «Голас Амерыкі» змушаны змоўкнуць»
Больш за 1300 супрацоўнікаў «Голасу Амерыкі» былі адпраўленыя ў адпачынак у суботу, а фінансаванне дзвюх амерыканскіх навінавых службаў, якія вяшчаюць для аўтарытарных рэжымаў, было спынена.

Фота: AP Photo / Andrew Harnik
Гэта адбылося на наступны дзень пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп загадаў скараціць дзейнасць мацярынскай кампаніі гэтага дзяржаўнага СМІ і яшчэ шасці федэральных устаноў.
Дырэктар «Голасу Амерыкі» Майкл Абрамавіц заявіў, што амаль увесь яго штат — 1300 журналістаў, прадзюсараў і памочнікаў — быў адпраўлены ў адміністрацыйны адпачынак, што паралізавала працу медыярэсурсу, які вядзе вяшчанне амаль на 50 мовах.
«Я глыбока засмучаны тым, што ўпершыню за 83 гады легендарны «Голас Амерыкі» змушаны змоўкнуць», — напісаў Абрамавіц у сацсектах, адзначыўшы, што гэтае медыя адыгрывала важную ролю «ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю ва ўсім свеце».
Мацярынская структура VOA — Амерыканскае агенцтва глабальных медыя (USAGM) — таксама спыніла фінансаванне «Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода», якое вяшчае для краін Усходняй Еўропы, уключаючы Расію і Украіну, а таксама «Радыё Свабодная Азія», што ахоплівае Кітай і Паўночную Карэю.
Загады Трампа могуць цалкам разбурыць арганізацыю, якая з’яўляецца крыніцай надзейных навінаў у аўтарытарных краінах.
Заснаваны ў 1942 годзе для супрацьдзеяння нацысцкай прапагандзе, «Голас Амерыкі» цяпер ахоплівае 360 мільёнаў чалавек штотыдзень. Паводле апошняй справаздачы перад Кангрэсам, у 2024 годзе Амерыканскае агенцтва глабальных медыя (USAGM) налічвала каля 3500 супрацоўнікаў і мела бюджэт у 886 мільёнаў долараў.
Кіраўнік сеульскага бюро VOA Уільям Гала заявіў у нядзелю, што яго адключылі ад усіх сістэм і акаўнтаў кампаніі.
«Я толькі хацеў працаваць сумленна і гаварыць праўду, незалежна ад таго, пра якую ўладу ішла гаворка. Калі гэта для кагосьці пагроза — што ж, няхай будзе так», — напісаў ён.
Раней Трамп распарадзіўся правесці маштабныя скарачэнні ў сямі федэральных агенцтвах. У іх ліку — Агенцтва ЗША па глабальных медыя (USAGM), якое курыруе «Голас Амерыкі» і «Радыё Свабода».
Прэзідэнт і генеральны дырэктар «Радыё Свабода» Стывен Капус так пракаментаваў сітуацыю: «Іранскія аятолы, кітайскія камуністычныя лідары і аўтакраты ў Маскве і Мінску будуць святкаваць падзенне «Радыё Свабода» праз 75 гадоў. Калі аддаць перамогу нашым апанентам, гэта зробіць іх мацнейшымі, а Амерыку слабейшай», — гаворыцца ў ягонай заяве.
Міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі назваў «Радыё Свабодная Еўропа» «маяком» для людзей, якія жывуць пад таталітарнай уладай.
«Ад Беларусі да Ірана, ад Расіі да Афганістана, RFE і «Голас Амерыкі» з’яўляюцца аднымі з нешматлікіх свабодных крыніц для людзей, пазбаўленых свабоды», — напісаў ён у X.
