Узламаны сайт Bsblog.info, на ім панапісвалі антырасійскіх тэзісаў
Сайт Bsblog.info, які ўзначальвае былы міліцэйскі следчы, аналітык Андрэй Паротнікаў, 14 снежня быў узламаны. У матэрыял пра камандзіроўку Паротнікава ў Румынію былі дадзеныя антырасійскія выказванні. Прычым зроблена гэта было дастаткова неахайна.
«Імперская няматая Расія», «ПаРаша» — відавочна, што такія выразы не будзе выкарыстоўваць ніводзін эксперт. У выніку Паротнікаву прыпісалі словы, што Расія можа рыхтаваць тэракты і забойствы вядомых людзей на Балканах.
Адметна, праз каго гэтыя «змены» сталі вядомыя грамадскасці. Гэта апублікаваў нехта «Віталь Макарэвіч», найхутчэй, фэйкавы акаўнт, які накіраваны на тое, каб піярыць артыкулы з прарасійскага «Імхаклаба». А адзіным каментатарам стаў галоўны рэдактар «Імхаклаба» Аляксей Дзерман.
«Акаўнт на фэйсбуку выкарыстоўваецца для раскруткі матэрыялаў з беларускай галінкі аднаго латвійскага сайта. Яго ўзначальваюць людцы, якія стаяць на ўліку ў латвійскай паліцыі па старых справах за экстрэмізм. А ў латвійскіх спецслужбах, наколькі мне вядома, — як асобы, якія супрацоўнічалі са спецслужбамі СССР/Расіі. Само сабой, што і латвійскае «дрэва», і яго ссохлая беларуская «галінка» паліваюцца грашыма расійскіх пенсіянераў праз Рассупрацоўніцтва, Фонд Гарчакова і падобныя канторы», — напісаў Паратнікаў.
Рэдактар Bsblog’а згадвае, што недзе вясной нешта падобнае здарылася з сайтам баранавіцкай незалежнай газеты «Інтэкс-прэс», калі ў стары матэрыял былі дададзеныя згадкі пра аналітыкаў Юрыя Царыка і Арсена Сівіцкага. Тады пра гэты выпадак таксама стала вядома з фэйкавых акаўнтаў у фэйсбуку.
Паратнікаў кажа, што зроблена ўсё было дастаткова прафесійна. Усе сляды ўзлома пачышчаныя. «Гэта рабілі людзі з вельмі добрым веданнем справы, яны знайшлі, дзе ёсць правалы ў сістэме», — адзначае ён.
Для чаго гэта можа рабіцца? «У Расіі крымінальныя справы заводзяцца нават за рэпосты ў сацыяльных сетках. Магчыма, мяне захацелі зрабіць неўязным у Расію. У той жа Бухарэст я ляцеў праз Маскву.
Другая мая версія: паказваюць, што нашы магчымасці большыя за вашыя. Тыповая гэбэшная практыка. Калі б яны хацелі сайт паваліць, то павалілі б. А так проста дэманструюць сваю сілу. Па ўсім відаць, што гэта ўсходняя актыўнасць, нашы так не працуюць», — лічыць Андрэй Паротнікаў.
Таксама аналітык кажа, што некалькі дзён таму яму паступіў дзіўны званок, нібыта ад журналістаў, якія рыхтуюць матэрыял «да 100-годдзя КДБ». «Задавалі пытанні адносна структуры, колькасці. Я адразу сказаў, што гэта тычыцца дзяржасакрэтаў, што і не адмовіўся адказваць», — кажа Паротнікаў.