Цяжкахворага беларускага журналіста Вадзіма Доўнара перавезлі з Украіну ў Польшчу
Галоўнае на гэты момант — дамагчыся для журналіста статуса міжнароднай абароны, які даў бы права на бясплатнае лячэнне. Некалькі тыдняў таму фонд BYSOL пры інфармацыйнай падтрымцы БАЖ сабраў першы тэрміновы збор сродкаў для падтрымкі журналіста.

Вадзім Доўнар. Фота: з асабістага архіва
13 траўня хворага беларускага журналіста Вадзіма Доўнара валанцёры даставілі ў Польшчу з надзеяй, што тут яму правядуць аперацыю па трансплантацыі печані.
Польскія памежнікі ўпусцілі яго ў краіну і далі 15 дзён на падачу дакументаў на міжнародную абарону. Аднак стан здароўя не дазваляе журналісту самастойна займацца легалізацыяй.
Вадзіму Доўнару неабходная тэрміновая аперацыя па трансплантацыі печані.
— Вадзім сустрэў у Варшаве беларусаў і, мне здаецца, трохі акрыяў: выглядае бадрачком, давольны, беларусы прыходзяць да яго. Прынамсі, выглядае нават лепш, чым калі я яго забірала з Кіева а 5 гадзіне раніцы, — расказала БАЖ беларуская валанцёрка і актывістка Алена Жаркевіч.
— Пакласці Вадзіма цяпер у шпіталь мы не можам, бо ён не мае міжнароднай абароны. Чакаць 15 дзён нельга: самастойна Вадзім фізічна не ў стане займацца легалізацыяй. Так, ён сам ходзіць, сам глядзіць за сабой, але за ім патрэбны нагляд 24 гадзіны ў суткі. Таму мы сёння зноў едзем на мяжу ў Тэрэспаль, каб падаць дакументы Вадзіма на міжнародную абарону. З афіцыйным статусам, пад міжнароднай абаронай Польшчы, яго пакладуць на лячэнне ў шпіталь. Ці хаця б правядуць дэталёвае медычнае абследаванне, — кажа Алена Жаркевіч.
Гаворка ідзе пра бясплатнае лячэнне ў дзяржаўным шпіталі. У Еўразвязе падобнага кшталту аперацыі каштуюць 100–300 тысяч еўра. Такіх грошай у Вадзіма няма, таму, адпаведна, і лячэнне ў прыватнай клініцы немагчымае. 6 тысяч даляраў, сабраныя ўсім светам па закліку фонда BYSOL і пры падтрымцы БАЖ, хопіць журналісту на часовае пражыванне, харчаванне ды лекі.
У Бяла-Падлясцы знайшлі беларуса-эмігранта, які сам знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў і пагадзіўся даглядаць за хворым журналістам.
Вадзім Доўнар нарадзіўся ў 1976 годзе ў Мінску, скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у БДГ («Беларуская дзелавая газета»), на «Радыё Рацыя», у «Беларускай газеце», на ўкраінскім тэлеканале ATR і ў іншых вядомых выданнях. Удзельнічаў у Майдане і ў блакадзе Крыма ў Чангары. Апошнія 13 гадоў Вадзім Доўнар пражыў ва Украіне.
Год таму журналісту паставілі дыягназ, лячэнне якога патрабуе трансплантацыі печані.
БАЖ дзякуе Алене Жаркевіч, а таксама ўсім іншым, хто клапаціўся і клапоціцца пра Вадзіма, а таксама прыняў удзел у фінансавым зборы.
