Вайскова-палітычнага аглядальніка Ягора Лебядка паўгода трымалі ў ПКТ і замянілі калонію на турму
.Былы палітвязень, які адбываў тэрмін у івацэвіцкай калоніі № 22, распавёў «Вясне» пра акалічнасці зняволення вайскова-палітычнага аглядальніка, блогера Ягора Лебядка.

Ягор Лебядок
«Па апошняй інфармацыі, да майго вызвалення, Ягора Лебядка адправілі на шэсць месяцаў у памяшканне камернага тыпу (ПКТ). І накруцілі на 411 артыкул («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Лебядок вельмі юрыдычна падкаваны, яго складана ім патапіць. Бо, як даходзіла інфармацыя з ШІЗА ад людзей, якія з ім сядзелі, што прыходзіць да яго Пірог (супрацоўнік ПК-22), дае анучу і кажа: «Ідзі, мый». Увогуле ў калоніі гэта праца тых, хто мае «нізкі сацыяльны статус». Гэта робіцца спецыяльна, каб прынізіць, а калі адмаўляешся выконваць наказ, табе адразу пішуць спагнанне. Але ён прыгожа з гэтага сыходзіў. Як мне перадавалі, ён казаў: «Я не адмаўляюся выконваць, але я буду выконваць іншую працу, якая не будзе шкодзіць майму гонару і сацыяльнаму статусу», — распавёў былы палітвязень пра ўмовы ўтрымання ў ПК-22 Ягора Лебядка.
Паводле суразмоўцы «Вясны», у снежні 2024 года Ягору Лебядку судовым рашэннем замянілі рэжым утрымання на турэмны і перавялі з калоніі ў турму. Праваабаронцам яго месцазнаходжанне пакуль невядомае.
Разгляд справы «аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага віду і змяненняў умоваў рэжыму» адбыўся 11 снежня 2024 годзе ў судзе Івацэвіцкага раёна. Кіраваў працэсам суддзя Васіль Аўрусевіч.
Ягора Лебядка затрымалі 12 ліпеня 2022 года ў Смалявічах. Спачатку арыштавалі на 15 сутак за «непадпарадкаванне міліцыі» (паводле арт. 24.3 КаАП), але пасля адбыцця тэрміну на волю ё так і не выйшаў — супраць яго распачалі крымінальную справу на падставе артыкула 361–4. Ад таго часу вайскова-палітычнага аглядальнік знаходзіўся ў СІЗА № 1 Мінска.
Фармальнай прычынай для пераследу стаў удзел адмыслоўца ў праграмах «Еўрарадыё» — пры тым, што яго затрыманне здарылася на восем дзён раней, чым медыя атрымала статус «экстрэмісцкага фармавання».
Праваабарончая супольнасць прызнала Ягора Лебядка палітычным вязнем.
14 снежня 2022 года ў Мінскім абласным судзе распачаўся разгляд справы, а праз 10 дзён суддзя Алена Міснік прызначыла абвінавачанаму 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
21 сакавіка 2023 года Вярхоўны суд Беларусі адхіліў апеляцыйную скаргу Ягора Лебядка. На працэс быў прызначаны суддзя Уладзімір Чэравач, які на падставе «супастаўлення фактаў» прыйшоў да высновы, што суд першай інстанцыі меў «абсалютную рацыю» ў вызначэнні ступені вінаватасці фігуранта і пастанавіў адмовіць у задавальненні апеляцыі.
Зрэшты, гэта не адзінае, чым рэжым адказаў на дзейнасць вайсковага аглядальніка. 21 верасня 2022 года Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал апублікаваў прозвішчы вышэйшых і малодшых афіцэраў, пазбаўленых ранейшых званняў. Маўляў, гэта адказ на «ўчыненыя злачынствы, правапарушэнні і дыскрэдытуючыя правіны, несумяшчальныя са статусам ваеннаслужачага, работніка органаў пракуратуры». Гаворка пра публічнае асуджэнне гвалту сілавікоў у 2020 годзе. У спісе «адзначаных» і старшы лейтэнант запасу Ягор Лебядок — адзін з найбольш дасведчаных адмыслоўцаў сваёй справы, сталы каментатар шэрагу незалежных СМІ. Асабліва яго меркаванне стала запатрабаваным з пачаткам маштабнай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Нягледзячы на патэнцыйную небяспеку, ён заставаўся ў Беларусі.
Хто такі Ягор Лебядок?
Ягор Лебядок — колішні лаўрэат прэзідэнцкай стыпендыі таленавітым маладым навукоўцам-кандыдатам навук ва ўзросце да 35 гадоў. Ён скончыў фізічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Пачынаў інжынерам-тэхнолагам прадпрыемства «Інтэграл», праходзіў службу афіцэрам у 120‑й Рагачоўскай механізаванай брыгадзе на пасадзе камандзіра ўзвода.
Ад 2008 года — малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі НАН Беларусі, намеснік загадчыка лабараторыі оптаэлектронікі і галаграфіі.
Абараніў дысертацыю «Аптымізацыя параметраў лазерных дыёдных лінеек» на атрыманне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук. Паралельна атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Аўтар дзясяткаў артыкулаў па фізіцы паўправаднікоў, лазернай фізіцы і оптаэлектроніцы.
У 2019 годзе стварыў Тэлеграм-канал @Lebiadok — незалежную пляцоўку пра вайсковую бяспеку Беларусі. Рэгулярна выступаў у незалежных беларускіх і замежных выданнях.
Падчас драматычных падзей 2020 года падпісаў зварот прадстаўнікоў навуковай грамадскасці ў сувязі з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і наступнымі мірнымі пратэстамі.
Пасля выхаду пасквіля ў газеце «Советская Белоруссия» звольнены з навукова-вытворчага аб’яднання «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка».
