Валянцін Стэфановіч: «Ціск на журналістаў звязаны з прэзідэнцкімі выбарамі»
Намеснік старшыні закрытага ўладамі Праваабарончага цэнтру “Вясна” пракаментаваў сітуацыю з пераследам беларускіх журналістаў-фрылансераў.
“Ужо нельга сказаць, што адміністрацыйны пераслед журналістаў працягваецца. Відавочна, што ціск на журналістаў узмацніўся. Для некаторых прадстаўнікоў незалежных СМІ гэта фактычна азначае забарону на ажыцяўленне прафесійнай дзейнасці. Мы можам звязаць такі ціск з прэзідэнцкімі выбарамі і расцэньваць яго як спробу кантролю інфармацыйнага поля з боку ўладаў”, – зазначыў В. Стэфановіч у гутарцы з сайтам spring96.org.
«У сувязі з гэтым можна адзначыць, што агульны фон напярэдадні выбараў складваецца вельмі неспрыяльны для правядзення дэмакратычнай выбарчай кампаніі, у тым ліку і з‑за пераследу незалежных журналістаў”, – лічыць праваабаронца.
1 чэрвеня аб 11‑й гадзіне грамадская кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” запрашае на прэс-канферэнцыю, прысвечаную пачатку кампаніі па маніторынгу выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У ёй возьмуць удзел старшыня РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” Алег Гулак і намеснік старшыні зліквідаванага ўладамі ПЦ“Вясна” Валянцін Стэфановіч. Прэс-канферэнцыя адбудзецца па адрасе: г. Мінск, вул. Мяржынскага, 8, офіс 26.
Па падліках ГА “БАЖ”, цягам 2015 года адбыўся ўжо 21 суд над незалежнымі журналістамі па абвінавачанні ў парушэнні арт. 22 .9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), а фактычна – за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Агульная сума прысуджаных ім штрафаў складае больш за 108 мільёнаў рублёў.
Юрысты ГА “БАЖ” перакананыя і не раз даводзілі, што фізічных асобаў па згаданым артыкуле прыцягваць да адказнасці незаконна. Занепакоенасць і абурэнне з гэтай нагоды выказвалі Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч, прэзідэнт ЕФЖ Могенс Бліхер Б’ерэгард. Тым не менш, найбліжэйшымі днямі чакаюцца суды яшчэ над трыма журналістамі – брэсцкага калегу Алеся Ляўчука будуць судзіць 2 ліпеня, Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача з Глыбокага – 9 і 10 ліпеня.