Віцебскія БАЖаўцы правялі майстар-клас па фота са студэнтамі (фота)
Ідэя правесці майстар-клас нарадзілася пасля наведвання студэнцкай фотавыставы. Журналісты рабілі рэпартажы з гэтай імпрэзы, і студэнты мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта прапанавалі супольна абмеркаваць свае працы.
Ініцыятарам сустрэчы са студэнтамі быў журналіст Сяргей Русецкі. На яго думку, майстар-клас атрымаўся выніковым, і зносіны са студэнцкім асяродкам могуць быць яшчэ больш плённымі:
– На пачатку сустрэчы мы распавялі, што з’яўляемся сябрамі ГА “БАЖ”, што ў Віцебску – пад тры дзясяткі прадстаўнікоў нашай арганізацыі, што мы маем сваю старонку “Віцебск. Нашы ў горадзе” ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук, дзе імкнемся дзяліцца навінамі і абвесткамі пра розныя мерапрыемствы. Распавялі студэнтам і пра тое, што сярод віцебскіх БАЖаўцаў ёсць многа выдатных фатографаў. А потым Уладзімір Лунёў, прафесійны відэааператар і аматар фатаграфіі, прааналізаваў колькі здымкаў, якія маладыя хлопцы і дзяўчаты прынеслі з сабой, каб атрымаць практычныя парады і паслухаць меркаванні сяброў – і сваіх аднагодкаў, і нас, старэйшых.
Майстар-клас праходзіў у нязмушанай абстаноўцы, з гарбатай ды іншымі ласункамі – пра гэта паклапаціліся дзяўчаты-студэнткі, ды і госці прыйшлі не з пустымі рукамі. А размова атрымалася сур’ёзная і прафесійная: некаторыя са студэнтаў, як аказалася, цікавяцца фотасправай з дзяцінства, шмат эксперыментуюць, аднак цяпер, стаўшы самастойнымі на час вучобы, часта не маюць з кім пракансультавацца. А некаторыя з удзельнікаў майстар-класу – зусім пачаткоўцы ў гэтай справе, і таму абмен досведам ім проста неабходны.
– Як высветлілася, на мастацка-графічным факультэце далёка не на ўсіх спецыяльнасцях вывучаюць курс па фатаграфіі. А цікавасць да гэтага віду мастацтва ў студэнтаў ёсць. І ёсць тэарэтычныя веды – што такое кампазіцыя, што такое святло, яго ўласцівасці. Бракуе толькі практыкі, каб выкарыстаць гэтыя веды ў працэсе фотаздымак. Пра гэта ў асноўным і размаўлялі, аналізуючы працы студэнтаў”, – распавёў Уладзімір Лунёў.
Падчас абмеркавання фотаздымкаў нарадзілася яшчэ шмат ідэй для далейшага супрацоўніцтва. Адна з іх – правесці супольны фотапленэр, у якім узялі б удзел і дарослыя сябры ГА “БАЖ”, якія цікавяцца фотамастацтвам, і студэнцкая моладзь. Мэта такой супольнай працы – абмен досведам, а вынікам магла б стаць фотавыстава твораў удзельнікаў.
Апрача гэтага, усталяванне шчыльных кантактаў са студэнцкім асяродкам будзе карысным і для журналістаў: у іх з’явіцца больш магчымасцяў для пошуку навінаў – і пра студэнцкае жыццё, і пра ўдзел віцебскай моладзі ў розных мастацкіх праектах. А маладыя людзі, у сваю чаргу, убачылі перспектывы супрацоўніцтва з мясцовымі СМІ і інтэрнэт-рэсурсамі, у тым ліку і ў якасці фатографаў.