«Кантэнт унікальны». Беларуская рэжысёрка стварае серыю відэа пра сядзібы ў зоне адчужэння
На YouTube-канале «1142Х» з’явіўся тызэр серыі дакументальных відэа пра шляхецкія сядзібы ў зоне радыяактыўнага забруджання. Рэжысёрка фільмаў – гамяльчанка Марыя Булавінская, яна шукае падтрымку для поўнай рэалізацыі праекта.

Беларуская рэжысёрка стварае серыю відэа пра шляхецкія сядзібы ў зоне адчужэння. Фота: скрыншот з тызэру серыі відэа / 1142Х / youtube
«Зона адчужэння» – серыя відэаролікаў пра закінутыя архітэктурныя аб’екты на Гомельшчыне. Пасля чарнобыльскай катастрофы мноства населеных пунктаў у гэтым рэгіёне было адселенае. Але яны маюць цікавую гісторыю. У былых вёсках да сёння захаваліся руіны старых шляхецкіх сядзібаў. Цяпер іх можна наведаць толькі на Радаўніцу, бо ўваход на тэрыторыю забаронены.
«Гэты праект распачаўся дзякуючы неабыякавым людзям, якія дапамаглі перавезці з Беларусі мой відэаархіў. Тры гады дыскі з архівам захоўваліся ў сырым памяшканні ў невядомых мне людзей, а я не магла прыехаць у краіну і яго забраць, бо знаходжуся ў вышуку з прычыны палітычнага пераследу беларускімі ўладамі. Зараз жа разам з аднадумцамі я магу займацца любімай справай – папулярызаваць гісторыю. Але для гэтага патрэбная Вашая падтрымка», – кажа Марыя Булавінская ў сваім звароце.
Рэжысёрка падкрэслівае, што кантэнт сапраўды ўнікальны, утрымлівае глыбокую працу для вывучэння гісторыі, а таксама «неймаверныя 3D-рэканструкцыі аб’ектаў».
Падтрымаць праект можна праз спасылку.
Наўпроставы кантакт з аўтаркай праекту: 1142xh@gmail.com
Марыя Булавінская – рэжысёрка, журналістка, гісторык. Аўтарка шматлікіх дакументальных стужак, пераможца творчага конкурсу Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова» ў намінацыі «Мастацка-публіцыстычныя жанры» за фільм «Над сістэмай». Марыя вымушана з’ехала з Беларусі ў 2020 годзе. У студзені 2025 года рэжысёрка даведалася, што ейны дом на Гомельшчыне арыштаваны.
