• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Відэааператар-фрылансер Вячаслаў Лазараў вызвалены з‑за кратаў

    Беларускія ўлады вызвалілі палітзняволенага віцебскага відэааператара Вячаслава Лазарава. Гэта адбылося 11 верасня пасля візіту ў Мінск прадстаўніка амерыканскага прэзідэнта Джона Коўла.  Усяго ў гэты дзень на волю па памілаванні выйшлі 52 палітычныя вязні, іх вывезлі з Беларусі ў Літву.

    Відэааператар-фрылансер Вячаслаў Лазараў выйшаў з-за кратаў

    Відэааператар-фрылансер Вячаслаў Лазараў адбываў прысуд у магілёўскай калоніі № 15. Ён меўся адбыць пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — такі вердыкт 22 лістапада 2023 года вынес Вярхоўны суд у выніку разгляду апеляцыйнай скаргі журналіста.

    Раней суд першай інстанцыі — Віцебскі абласны ў асобе суддзі Яўгена Бурунова — прыгаварыў Лазарава да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле частак 2 і 1 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі перакваліфікаваў абвінавачанне журналісту на частку 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

    Вячаслава Лазарава судзілі разам з жонкай Таццянай Пыцько: іх абодвух вінавацілі ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», абвешчаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. Віцебскі абласны суд прызначыў жанчыне тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Вярхоўны суд, разгледзеўшы апеляцыйную скаргу, прызнаў Таццяну Пыцько вінаватай паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і пастанавіў прысудзіць ёй 3 гады зняволення, але з адтэрміноўкай выканання пакарання. Зняволенне Таццяна мусіла адбыць, калі малодшай, агульнай з Вячаславам Лазаравым, дачцэ споўніцца тры гады. Пасля вердыкту Вярхоўнага суда Таццяну Пыцько вызвалілі з СІЗА на волю.

    Відэааператара-фрылансера затрымалі 9 лютага 2023 года ў Віцебску пасля ператрусу ў кватэры па месцы рэгістрацыі. У яго забралі мабільныя тэлефоны і відэакамеру. Таксама сілавікі правялі ператрусы ў кватэры, якую здымаў Лазараў, і па месцы рэгістрацыі ягонай жонкі, адтуль таксама забралі ноўтбук і два тэлефоны. Таццяну Пыцько затрымалі 6 чэрвеня 2023 года — пасля чарговага ператрусу ў яе жыллі. На момант затрымання Таццяна Пыцько была ў дэкрэтным адпачынку — дачцэ Еве толькі споўніўся 1 год і 1 месяц. Паколькі за кратамі апынуліся абодва бацькі, дзяўчынку забрала сацыяльная служба і змясціла яе ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Дваіх старэйшых дзяцей Таццяны ад першага шлюбу даглядаў іх родны бацька.

    8 снежня 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў унесла Вячаслава Лазарава ў спіс «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці