Вільня: пераплеценыя лёсы. Экскурсія па журналісцкіх мясцінах горада
Старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус і беларускі гісторык паказалі журналістам Вільню.
У Старым горадзе ледзь не кожны дом, ледзь не кожная вуліца маюць свой лёс. Мясціны, знакавыя для літоўскай журналістыкі, — зусім побач з «беларускімі» кропкамі. Пра іх гісторыю даведаліся падчас экскурсіі, арганізаванай БАЖ і Саюзам журналістаў Літвы ў межах форума «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ».
Стартуем.

Цві-парк, дзе раней стаяў помнік пісьменніку Пятрасу Цвірку. Фота: БАЖ
Ад помніка Пятрасу Цвірку застаўся толькі пастамент
Знаёмства з журналісцкай Вільняй пачалося ў знакамітым Цві-парку, які знаходзіцца на рагу вуліц Піліма і Ісландзіёс.
Парк назвалі ў гонар літоўскага пісьменніка Пятраса Цвіркі.
— За савецкім часам Цвірку лічылі адным з галоўных літоўскіх пісьменнікаў, якога абавязкова вывучалі ў школе. Тады мы не ведалі ягоную біяграфію. Але калі Літва набыла незалежнасць, усе дакументы былі рассакрэчаныя. Тады стала вядома, што ён працаваў на сакрэтныя савецкія спецслужбы. Ён здаў многіх сваіх сяброў і пісьменнікаў, якіх катавалі ў засценках, — патлумачыў старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус.
У незалежнай Літве разгарэліся жаркія дэбаты наконт ролі і месца Пятраса Цвіркі ў гісторыі краіны. Ягоны помнік знеслі ў 2023 годзе, улічваючы яго супрацоўніцтва са спецслужбамі, а пастамент пакінулі — для магчымага пераемніка.
Насупраць парка — будынак, у якім пачынаў сваю гісторыю Друкарскі дом імя Францыска Скарыны. Ён быў адкрыты ў Вільні ў 1925 годзе да 400-годдзя беларускага друку. Год друкарскі дом правёў па адрасе Піліма,2, а пасля пераехаў на процілеглы бок вуліцы. Агулам друкарскі дом выдаў больш за 160 кніг, у ім выдаваліся беларускія выданні рознага кірунку.
Да 1939 года ў Вільні выдаваліся беларускія часопісы «Калоссе», «Шлях моладзі», а ў 1940 годзе адноўлена выданне (лацініцай і кірыліцай) газеты «Беларуская крыніца». Рэдакцыі месціліся ў цяперашнім Цві-парку, у будынку, страчаным падчас Другой сусветнай вайны.
Як пачыналася літоўскае радыёвяшчанне
Наступны аб’ект увагі – Дом радыё на вуліцы Смятону, 7.
— Парадокс: прэзідэнт Антанас Смятона (першы прэзідэнт Літвы з 4 красавіка 1919 года па 19 красавіка 1920 года, прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі ў 1926—1940 гадах. – Рэд.) не дужа любіў свабодную прэсу, цэнзура – лепшае ягонае вынаходніцтва. Але менавіта на вуліцы Смятону знаходзіцца многа медыяў, у тым ліку і Саюз журналістаў Літвы. Напэўна, назло самому Смятоне, — пажартаваў Дайнюс Радзявічус.

Дом радыё. Фота: БАЖ
У Дом радыё перасяліліся ўсе радыёстанцыі групы М1 – Музыка 1.
— Першай незалежнай ад улады радыёстанцыяй у краінах Варшаўскага дагавора стала М1 у 1988 годзе. Радыёстанцыя пачала вяшчанне 31 снежня 1988 года з песняй Radio Ga Ga гурта Queen на FM-частотах. На такіх частотах працавалі радыёпрыёмнікі, прывезеныя з ЗША, з Заходняй Еўропы, а ў Літве тады яшчэ вяшчанне вялося на УКВ. Губертас Грушніс, які стварыў радыёстанцыю, свядома разлічваў на аўдыторыю, якая разумела, што такое заходні лад жыцця. Вы не паверыце, з чаго радыёстанцыя пачала манетызацыю сваёй працы. Віленскія ўмельцы за 10 рублёў перараблялі прыёмнікі УКВ на FM-частоты. І М1 стала любімай радыёстанцыяй сярод моладзі, — распавёў Дайнюс Радзявічус.
Сам журналіст не хацеў працаваць на радыё, але ў выніку прайшоў школу М1.
— Гэтая самая вялікая і самая прыбытковая радыёстанцыя ў Літве дагэтуль: у любы крызіс прыбытак складаў 25%. Летась яе купіла група 15 minut, — адзначыў літоўскі журналіст.
Але жыццё паспяховага Губертаса Грушніса абарвалася трагічна: ён разбіўся на сваім уласным самалёце.
— Як ярка ён уварваўся ў медыярынак, гэтак жа ярка і пайшоў з жыцця, — канстатаваў Радзявічус. — Усё пачыналася з музыкі, з рока, з метала і з 10 рублёў за адзін перароблены радыёпрыёмнік. Мы проста слухалі і гралі музыку – таму і літоўская рэвалюцыя называецца «спеўная рэвалюцыя» 1990-га.
У 1991 годзе на радыёстанцыі М1 з’явілася 15-хвілінная перадача, якую вяла беларуская журналістка Таццяна Сапач.
— Зімой 91-га года мы прыязджалі і вяшчалі з гарышча Палаца спорта, заклікаючы беларусаў Літвы падтрымаць літоўскую незалежнасць, — згадвае беларускі гісторык.
У Вільні жыў дзеяч беларускага адраджэння Лявон Луцкевіч, які рабіў на «Радыё Свабода» перадачы пра свае вандроўкі па Вільні.
— Паціху склаўся калектыў, які аднавіў «Нашу Ніву» ў 1991 годзе – у апошнія паўгода існавання Савецкага Саюза. А пасля сталі супрацоўнічаць і з Радыё Свабода. У выніку была створаная радыёстанцыя «Балтыйскія хвалі», якая рэтранслявала перадачы Радыё Свабода, Радыё Ватыкана і рабіла свой прадукт. Радыё праіснавала 5 гадоў.
Другая газета ў Літве
З наступным пунктам маршрута ў Дайнюса Радзявічуса своеасаблівыя адносіны – як «з цешчай, жонкай ды палюбоўніцай адначасова». Цяпер там знаходзіцца Žinių Radijas – першая радыёстанцыя, якая запусціла адмысловую перадачу пра праблемы радыё. Гэта першая размоўная радыёстанцыя, дзе 90% кантэнта – навіны, гутаркі, абмеркаванні. Заснаваная яна ў 2000 годзе як камерцыйная.

Рэдакцыя Žinių Radijas на вуліцы Сметону, 6. Фота: БАЖ
— У нас лічылася няправільным крытыкаваць адзін другога. А тут выйшла перадача «Анатомія СМІ» – пра праблемы радыёвяшчання. І каму ж яе было весці, як не мне? – жартуе Дайнюс Радзявічус.
Побач з Žinių Radijas знаходзіцца рэдакцыя газеты «Рэспубліка» (вуліца Смятону, 2). І тут жа — “стратэгічнае месца, на якім яна зарабіла рэпутацыю барацьбіта з карупцыяй».
«Рэспубліку» заўсёды ведалі як другую газету ў краіне. «Многія рэдактары і кіраўнікі медыяў прайшлі школу або Lietuvos rytas («Раніца Літвы»), або «Рэспублікі» – гэта вельмі важнае выданне», — зазначыў цяперашні старшыня Саюза журналістаў Літвы.

Рэдакцыя «Рэспублікі». Фота: БАЖ
Дайнюс Радзявічус ў сваім жартаўлівым стылі раскрыў «таямніцу» антыкарупцыйных расследаванняў «Рэспублікі»:
— Побач была генеральная пракуратура, якой кіраваў Артурас Паўласкас. Спікер парламента, генеральны пракурор, ён падтрымліваў абвінавачванне заказчыку і забойцу журналіста Вітаса Лінгіса (забіты ў 1993 годзе за артыкулы пра арганізаваную злачыннасць). На гэтым ён зрабіў кар’еру: гэта быў апошні смяротны вырак у Літве, пасля чаго быў абвешчаны мараторый і адменена смяротнае пакаранне, — згадвае Дайнюс Радзявічус. – Я таксама працаваў у аддзеле крымінальных расследаванняў (ужо пасля забойства Лінгіса). І раскрыю таямніцу, вядомую нямногім: тут генпракуратура, тут рэдакцыя «Рэспублікі», і ў гэтым жа будынку ёсць бар. Мы сюды прыходзілі размаўляць, тут жа збіраліся і пракуроры. А пасля пракуроры падымаліся ў офісы, раздрукоўвалі патрэбныя дакументы – а нам было пісаць ужо лёгка.

Той самы бар, дзе сустракаліся паркуроры і журналісты. Фота: БАЖ
«Рэспубліка» – першая незалежная газета, якая выйшла яшчэ ў савецкі час і з’яўлялася органам Саюдзіса – руху за незалежнасць. Але вельмі хутка стала прыватнай уласнасцю аднаго з суўладальнкаў Вітаса Лінгіса.
— У 1990 годзе Літва набыла незалежнасць. У 91‑м – савецкія танкі, забойствы. Усіх журналістаў (і рускіх, і літоўцаў) выгналі з Дома друку. І тады журналісты выдалі супольную газету «Свободная Литва». Многія журналісты, якіх выгналі, сталі працаваць у «Рэспубліцы». Выданне стала наватарам у многіх сферах. Напрыклад, яшчэ ў 1990 годзе першымі выдавалі рускамоўную версію. Зрабілі харошую бульварную газету. Выдавец Вітас Томкус – хуліган і ў жыцці, і журналістыцы, — жартуе Дайнюс Радзявічус.
Як стварэнне якаснай газеты прывяло да яе смерці
Расказаў Дайнюс Радзявічус і «сумную гісторыю» газеты Lietuvos žinios, заснаванай яшчэ ў 1909 годзе. Яна зачынілася зусім нядаўна. Апошні яе рэдактар — Рамунас Терляцкас, чый бацька быў выдомым дысідэнтам у савецкія часы.
У газеце працавалі Антанас Смятона, Витаутас Ландсбергіс-старэйшы (дзед сённяшняга палітыка Габрыэлюса Ландсбергіса).
— Да другой сусветнай вайны быў час, калі газета рабіла тры выпускі на дзень: раніцай, днём і увечары. Газета друкавала ўсё, акрамя палітыкі. Чысты прыбытак складаў 200 тысяч літаў – гэта вельмі многа грошай, — кажа Радзявічус.
З гісторыяй гэтай газеты звязаная дзейнасць літоўскай пісьменніцы Юліі Жамайце:
— У савецкія часы мы нават вывучалі апавяданне «Сватаўство»: прыгожую, адукаваную, працалюбівую дзяўчыну выдалі замуж за лодыра і прайдзісвета. Вельмі трагічная гісторыя тыповай літоўскай сям’і. Жамайце зрабіла вельмі многае для краіны, дзякуючы яе намаганням у нашым парламенце былі жанчыны ўжо тады, — падкрэсліў Дайнюс Радзявічус.
Газета адрадзілася на пачатку 1990‑х, але ўжо як партыйнае выданне сацыял-дэмакратаў, і да 1996 года выдавалася як палітычная. Пасля яе выкупілі з намерамі ператварыць у якасную газету. Зрабілі, але наклад быў маленькі, таму перарабілі выданне ў бульварную газету. Наклады выраслі, але Камісія па этыцы пачала выносіць папярэджанні адно за другім, і ў выніку газету прызналі неэтычнай. Яна закрылася.
Пра Луцкевічаў, Купалу, Тарашкевіча…
Каля аўстраліўскай амбасады знаходзіцца будынак, вельмі важны для беларускай прэсы: у ёй размяшчалася рэдакцыя першай легальнай беларускай газеты «Наша доля» (Віленская, 32). А на супрацьлеглым баку вуліцы ў крэмавым доме (Віленская, 14), на якім вісяць мемарыяльныя таблічкі Мікалоюсу Чурлёнісу і Янку Купалу, быў апошні адрас газеты «Наша Ніва».
— У гэтым доме на другім паверсе жыў Янка Купала. І тут жа, у двары, была першая беларуская кнігарня. Да пачатку Першай сусветнай вайны тут сканчалася гісторыя нашага друку, — з жалем кантаставаў гісторык.

Дом, дзе месцілася рэдакцыя «Нашай Нівы» і жыў Янка Купала. Фота: БАЖ
У самым канцы вуліцы Віленскай раней размяшчаўся Беларускі клуб, бібліятэка Барыса Даніловіча і там жа знаходзілася кватэра, дзе жылі Іван і Антон Луцкевічы напярэдадні Першай сусветнай вайны. Цяпер гэтага будынка ўжо няма.
Беларускі гісторык паказаў дом, дзе жыў пасля вяртання са сталінскіх лагероў Лявон Луцкевіч у сярэдзіне 90‑х гадоў. Усе беларусы тайком прыязджалі да яго ў госці: і філолаг Фёдар Янкоўскі, і юны тады гісторык Арсень Ліс, і гісторык Віталь Скалабан.
— Гэта было тайна, ніхто не афішаваў гэтыя паездкі. Але тут можна было і пераначаваць, — кажа беларускі экскурсавод.
На доме з мемарыяльнай дошкай Браніславу Тарашкевічу (Віленская, 37; па старой нумарацыі – Віленская, 12), месцілася беларуская кнігарня, рэдакцыі пяці беларускіх газет, трох беларускіх часопісаў. А на другім паверсе жылі Барніслаў Тарашкевіч – з цешчай, жонкай і дзецьмі, кампазітар Антон Грыневіч, таксама пакойчык займаў Язэп Драздовіч.
— Менавіта ў гэтым доме была створаная найноўшая граматыка беларускай мовы, кадыфікаванай Браніславам Тарашкевічам. Усе міжваенныя гады – ажно да 1939 года тут панавала беларускае жыццё.

У Гэтым доме Браніслаў Тарашкевіч напісаў «Беларускую граматыку». Фота: БАЖ
У 1930-ыя гады яно набыло выразную камуністычную, сацыялістычную афарбоўку. Тут адзін пакойчык – невялікі, брудны, нямыты, займалі так званыя зіц-рэдактары з ліку камсамольцаў Заходняй Беларусі. У паліцэйскіх справаздачах адрас Віленская, 12 займае некалькі тамоў. Яны рэгістравалі газету-аднадзёнку, у якой выступалі супраць Польшчы, іх адразу накрывалі, вінцілі, аднадзёнку закрывалі. Але тут жа з’яўляўся іншы зіц-рэдактар з ліку вучняў Беларускай гімназіі – і ўсё пачыналася спачатку.
…Прайсціся па ўсіх «беларускіх слядах» у Вільні за дзве гадзіны немагчыма. Як нельга і вывучыць гісторыю літоўскай журналістыкі за гэты час. Можа, трэба працяг?
