«Вінная каля 45 тысяч рублёў». Выпускнікі, якія не хочуць адпрацоўваць размеркаванне, расказваюць, як шукаюць грошы
Гісторыі выпускнікоў, які вырашылі «адкупіцца» ад размеркавання, запісаў праект «1906». Сярод іх ёсць і выхадцы з журфака.
«Плаціць такія вялікія грошы дзяржаве зараз нельга. Іх на патрэбнае не пусцяць»
Крысціна (імя зменена) у 2021‑м скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Год, у які дзяўчыну размяркоўвалі, быў няпросты. Менавіты тады ўсіх выпускнікоў пачалі накіроўваць толькі ў дзяржаўныя СМІ.
Крысціна знайшла сабе месца, дзе магла адпрацоўваць размеркаванне, але ў апошні момант гэта медыя не захацела яе браць.
«Прыйшлося тэрмінова шукаць, куды ўладкавацца. Прычым вельмі хацелася не ў «палітызаванае» месца. Знайшла, адпрацавала там 6 месяцаў.
Мне пашанцавала, там было камфортна, з улікам таго, што гэта размеркаванне. Такі астравок адэкватнасці, ніяк маю волю там не ламалі», — расказвае яна.
Крысціна хацела забраць дакументы з універсітэта яшчэ да дня размеркавання. Але тады яе напалохалі, што ёй нібыта прыйдзецца плаціць за ўсё навучанне.
Потым склалася так, што хлопцу дзяўчыны прыйшлося тэрмінова з’ехаць з Мінска ў Кіеў. Крысціна вырашыла, што будзе пераязджаць да яго.
«Не перадаць словамі, колькі ўсяго прыйшлося перажыць, каб проста даведацца прыблізную суму, якую я вінная. Некалькі дзён хадзіла ў дэканат, мне там у выніку далі кантакты людзей, якія мусілі гэтым займацца. Не змагла да іх датэлефанавацца. Вярнулася зноў назад.
У дэканаце не ведалі, куды мяне адпраўляць. У выніку я дайшла да галоўнай бухгалтэрыі БДУ, дзе мне вельмі прыблізна палічылі суму. Яна складала 16 тысяч рублёў з улікам таго, што частку размеркавання я адпрацавала», — расказвае дзяўчына.
У рэдакцыі яна патлумачыла сітуацыю, у якой апынулася, і папрасіла даць ёй месяц адпачынку і яшчэ адзін за свой кошт.
«Па-першае, каб было менш плаціць. Па-другое, каб я магла з’ездзіць паглядзець, ці спадабаецца мне ў Кіеве, — дзеліцца яна. — Тады яны пагадзіліся. Пасля мусіў быць запушчаны працэс выплаты. Я нават знайшла на сваё месца ў рэдакцыі замену.
У апошні дзень галоўны рэдактар холдынгу не падпісаў мне водпуск. Ён вельмі доўга тлумачыў чаму, але з ягоных слоў нічога не было зразумела. Размаўляў, як чыноўнік», — кажа яна.
Крысціна з’ехала ў Кіеў, а потым пачалася вайна. Стала зразумела, што ў Беларусь яна не вернецца.
Ёй напісалі з працы, пацікавіліся, ці ўсё з ёй добра, і ўдакладнілі, ці могуць яе звальняць.
«Я пагадзілася. Прайшло больш за месяц, пакуль дакументы дайшлі да ўніверсітэта. Маме даслалі ліст з сумай. Усяго 43 тысячы рублёў, з улікам адпрацаванага тэрміна — больш за 29 тысяч.
Я пракансультавалася з юрысткай. Яна сказала, што ў падліках ёсць памылка. Яны палічылі не па тым годзе, у якім я выпускалася. І зараз я буду запытваць пераразлік», — тлумачыць Крысціна.
Ці выплачваць грошы, дзяўчына рашэнне яшчэ не прыняла. Такой сумы ў яе няма.
«Мая маці перажывае з‑за гэтага, ёй не хочацца, каб я не вярталася ў Беларусь. Аклад у СМІ, у якім я пачынала адпрацоўваць, быў 400 рублёў. Усё астатняе — ганарары за публікацыі. Адкуль у мяне могуць быць грошы?
Мама мяне імкнецца падтрымліваць. Ніколі не папракала за тое, што я так зрабіла. Канешне, калі б сума была 16 тысяч, думаю, што мы змаглі б выплаціць. У нас быў прапісаны «бізнэс-план», як мы будзем збіраць грошы. Але канчатковая сума непад’ёмная. Плаціць такія вялікія грошы дзяржаве цяпер нельга. Іх на патрэбнае не пусцяць», — лічыць яна.
Крысціна таксама пракансультавалася з юрысткай наконт таго, ці могуць гэтую суму спагнаць з яе маці. На момант паступлення дзяўчына была непаўналетняй і падпісваць дамову на навучанне не магла.
«Па законе не могуць. Там няма, як, напрыклад, у крэдытнай гісторыі, даручальніцтва. І сума ў дагаворы пры паступленні — каля 11 тысяч рублёў. Браць павінны з мяне, а не з бацькоў. Могуць забраць маю маёмасць, але на мяне нічога не запісана», — кажа яна.
Зараз дзяўчына жыве ў Варшаве. Туды пасля пачатку вайны яна з’ехала разам са сваім хлопцам.
«Шукаю працу. Пакуль збіраюся рабіць некалькі праектаў пра беларускую музыку, а потым паглядзім. Не думаю, што хачу ісці на пастаянную працу», — падсумоўвае яна.