«Флагман, што нясе сцяг незалежнага слова». У Вільні віншавалі БАЖ з 30-годдзем
На канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра», што прайшла 16 верасня ў Вільні, была і адмысловая панэль пад красамоўнай назвай «Сваімі словамі. 30 год БАЖ».

Пдчас канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
«Намаганні па дасягненні пазітыўных зменаў павінны працягвацца»
Адмысловую «юбілейную» секцыю канферэнцыі вёў журналіст, музыка Зміцер Бартосік. І сам прыгадаў 1995‑ы, «год і надзеі, і год змрочны, таму што ў Беларусі адбыўся вельмі сумны рэферэндум».
«Але, дзякуючы і такім падзеям, аказваецца, у Беларусі была заснаваная Беларуская асацыяцыя журналістаў. Хоць штосьці добрае ў 1995 годзе адбылося», — у сваім іранічным стылі пачаў Зміцер Бартосік.

Віншавальныя песні ад Зміцера Бартосіка на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Ян Брату ў адмысловым відэазвароце падкрэслівае: «Нягледзячы на цяжкасці і выклікі, з якімі давялося сутыкнуцца беларускім журналістам і іншым прадстаўнікам СМІ, асабліва за апошнія некалькі гадоў, вы праявілі сумленнасць і стойкасць».
«Розныя формы запалохвання і пераследу беларускіх журналістаў, шматлікія выпадкі фізічных нападаў, выкарыстанне антыэкстрэмісцкіх законаў у якасці зброі і сістэматычнае злоўжыванне імі, адвольныя арышты і працяглае турэмнае зняволенне больш за 20 вашых калегаў наглядна дэманструюць каласальны ціск.
Хоць я з вялікай палёгкай даведаўся, што на мінулым тыдні некалькі прадстаўнікоў СМІ былі вызваленыя з турмы, магчыма, уключаючы некаторых з вас сёння ў залі, лёс тых, хто застаецца за кратамі, служыць напамінам пра тое, што намаганні па дасягненні пазітыўных зменаў павінны працягвацца, — сказаў Ян Брату. — Ваша праца адыгрывае важную ролю ў асвятленні пытанняў правоў чалавека, а таксама ў супрацьдзеянні дэзінфармацыі і прапагандзе, якія ствараюць сур’ёзныя праблемы не толькі для беларускага грамадства, але і для міжнароднай бяспекі.
Я разумею, што захаванне журналістыкі як прафесіі ў выгнанні — гэта надзвычай складаная задача. Існуюць розныя перашкоды, у тым ліку юрыдычныя, фінансавыя, тэхналагічныя і звязаныя з бяспекай. У сувязі з гэтым я і мой офіс цалкам салідарныя з вашай місіяй. Жадаю ўсім сябрам БАЖ заставацца моцнымі, згуртаванымі і непахіснымі ў сваёй прыхільнасці да прынцыпаў незалежнай этычнай журналістыкі і права на свабоду выказвання меркаванняў. І яшчэ раз жадаю вам усім заставацца ў бяспецы».
Генеральны сакратар Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Рыкарда Гуцьерэс зазначыў у відэавіншаванні: «Асабіста я адчуваю асаблівую прыхільнасць да Беларускай асацыяцыі журналістаў. Беларусь – краіна ў Еўропе, дзе журналістыка знаходзіцца пад найбольшай пагрозай, а журналісты падвяргаюцца самым жорсткім рэпрэсіям. У той жа час менавіта тут журналістам удалося захаваць адну з самых адданых і эфектыўных журналісцкіх арганізацый, вядомых мне. Калі мне сумна з‑за сітуацыі з журналістыкай у Еўропе, я думаю пра БАЖ – і гэта надае мне смеласці. Паверце, вы даяце мне сілы і натхненне, дзякуй вам за гэта! Вы таксама павінны ведаць, што БАЖ з’яўляецца прыкладам для 74 іншых прафсаюзаў і асацыяцый, якія ўваходзяць у ЕФЖ, і для больш за 300 000 журналістаў, якіх Федэрацыя прадстаўляе па ўсёй Еўропе».
«Дзякуй, што не забываліся, што наша тэма гучыць»
Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову, на днях вызваленую з калоніі, заля сустракае авацыяй. Ужо былая палітзняволеная кажа, што «ў калоніі адной з самых невыносных думак была: «Пра мяне забыліся», як у Анатоля Сыса ў вершы: «Забылі нас і занядбалі тут».

Ларыса Шчыракова на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
«Натуральна, ствараюцца ўмовы інфармацыйнага вакууму, да цябе нічога не даходзіць. Канечне, было вельмі цяжка перажываць тое, што ты сам-насам са сваімі праблемамі», — распавядае журналістка.
Але ўсё ж, паводле Шчыраковай, блізкія перадавалі ёй хаця б «прывітанне ад добрых людзей». «І яшчэ бацька мне ўвесь час пісаў, што Леанід Судаленка з маім партрэтам паўсюль ездзіць-ходзіць. І гэта таксама мяне вельмі-вельмі натхняла і радавала. Потым я, канечне, даведалася, что БАЖ мне вельмі моцна дапамагаў, ды й заўжды дапамагаў.
БАЖ — увогуле самая крутая, самая класная арганізацыя на белым свеце. Дзякуй, што не забываліся, што наша тэма гучыць, што ўсе ведалі — міжнародныя партнёры, уплывовыя чыноўнікі і палітыкі — пра тое, што сядзяць журналісты ў беларускіх турмах», — сказала Ларыса Шчыракова.

Леанід Судаленка на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Журналіст, былы палітзняволены Леанід Судаленка таксама занурыўся ва ўспаміны: «Канец 90‑х гадоў – перыяд станаўлення БАЖ, нашага прафесійнага росту. У пачатку нулявых — гэта ўжо і пачатак рэпрэсій, закрыццё незалежных газет. 2010‑я – затрыманні, калі ж казаць пра 2020 год — гэта ўжо сістэмныя рэпрэсіі, якія ў рэшце рэшт прывялі нас усіх у выгнанне.
Але гэтыя тры дзесяцігоддзі — гэта не толькі гады барацьбы, рэпрэсій, выгнання, але гэта і стойкасць, салідарнасць, моцная вера ў сілу слова. Дзякуючы ўсяму гэтаму БАЖ жыве, жыве і будзе жыць пакуль жыве праўда!».
«Ваша мужнасць і стойкасць былі заўсёды прыкладам для нас і для ўсёй грамадзянскай супольнасці»
Пісьменніца, праваабаронца Таццяна Нядбай павіншавала арганізацыю ад імя Беларускага дома правоў чалавека, адным з заснавальнікаў якога ёсць БАЖ: «Вы заўсёды былі голасам праўды, свабоды і падтрымкай для тых, каго прымушалі замаўчаць. Ваша мужнасць і стойкасць былі заўсёды прыкладам для нас і для ўсёй грамадзянскай супольнасці.
Жадаем, каб мы ўсе праз год сустрэліся і адсвяткавалі ў Беларусі. А БАЖу — каб далейшы шлях быў напоўнены салідарнасцю і верай у моц слова, упэўненасцю, што свабода пераможа».

Таццяна Нядбай на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Прадстаўнікі «Вясны» Павел Сапелка і Наста Васільчук, акрамя віншаванняў, нагадалі, што «па стандартах ААН, БАЖ у яшчэ вельмі маладым узросце» — і пажадалі арганізацыі росту і перамог.
Журналіст, былы палітзняволены Алег Груздзіловіч працягнуў тэму з успамінамі пра 1995 год, бо сам быў тады сябрам Рады новастворанай арганізацыі:
«Ніхто не думаў, што гэта надоўга, думалі, ну такая актыўнасць, чарговая арганізацыя – іх тады стваралася шмат. Канечне, ужо адчувалася небяспека — гэта ж 1995 год, я тады працаваў у «Народнай газеце», рэферэндум насоўваецца, збіваюць дэпутатаў у парламенце, мой рэпартаж пра гэта не выходзіць у газеце – і я на знак пратэсту сыходжу з «НГ» і пераходжу ў газету «Свабода». Пачынаюцца падзеі з «белымі плямамі» ў газетах… То-бок неабходнасць у такой арганізацыі была велізарная, так.

Алег Груздзіловіч на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Але ж, паўтаруся, ніхто з нас не думаў, што гэта так надоўга, што чакае такая ўпартая барацьба. Але можа і таму, што мы былі гатовыя да гэтага, дагэтуль і пратрымаліся. І я ўпэўнены, што мы пераможам. Дадам, што гэта арганізацыя, якая здольная паўсюль прасачыцца.
Першая камера, куды меня заводзяць на «Валадарцы», — а там мяне сустракае БАЖ! Андрэй Аляксандраў, былы намеснік старшыні БАЖ, пазнае мяне і кажа: «А! Свае людзі!»
Журналіст Эдуард Мельнікаў нагадаў, што «перад 1995 годам быў жа яшчэ і 1994‑ы», калі прыйшоў да ўлады той, хто і сёння распраўляецца са свабодай. «Гэтая жалезабетонная пліта яна ж паступова вырошчвалася, не адразу яна так прыціснула. Але не сплюшчыла. Дай бог, каб мы працавалі, як працуем, і каб незаўважна для нас саміх гэтыя ступені свабоды пашыраліся.

Эдуард Мельнікаў на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Як тая жабка, якая ёсць неафіцыйнай эмблемай БАЖ, мы адчулі пад нагамі нешта збітае, нейкі падмурак асноўных свабод.
Прысутныя ў залі гэтага не толькі чакаюць, але і робяць усё магчымае дзеля гэтага», — зазначыў спадар Мельнікаў.
«БАЖ — гэта вытворнае ад незалежных СМІ»
Каардынатарка праграм шведскага медыяінстытута Fojo Вольга Вале ўзгадала, як пазнаёмілася з БАЖ: «Я трапіла ў ваша жыццё ў 1997 годзе, калі наш інстытут павышэння кваліфікацыі журналістаў вырашыў даведацца, чым мы можам дапамагчы вашай арганізацыі.

Каардынатарка праграм шведскага медыяінстытута Fojo Вольга Вале на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
У адказ мы атрымалі вельмі канкрэтнае і матываванае заданне — беларускія журналісты намагаліся выйсці з савецкага мыслення, з «саўковай» журналістыкі, яны хацелі працаваць прафесійна і развіваць БАЖ, арганізацыю аднадумцаў, якія будуць паляпшаць жыццё сваё і краіны.
І вось з 97-га года мы ўвесь час супрацоўнічалі, я ўжо не ведаю колькі навучальных курсаў мы правялі для журналістаў БАЖ, якія прыязджалі ў Швецыю, а шведскія журналісты прыязджалі ў Беларусь. Мы пачыналі з таго, як займацца газетным дызайнам у газетах, потым дайшлі да медыйных платформ. Мы прайшлі велізарны шлях — ад вельмі простай журналістыкі да сёння, калі трэба ведаць вельмі шмат, калі ад кожнага журналіста патрабуюцца сур’ёзныя навыкі.
За гэты час у нас былі моманты, калі нам лёгка дыхалася і працавалася разам, былі моманты, калі надыходзілі вельмі сур’ёзныя праблемы ў нашым супрацоўніцтве, напрыклад, у 2012 годзе, калі на Беларусь «напаў» шведскі плюшавы дэсант. На жаль, зараз я не магу наведаць Беларусь, таксама, як і вы. Я ганаруся вашымі поспехамі, тым, што вы пераўтварыліся ў вельмі магутны, прафесійны саюз. Нават нягледзячы на ўсе складанасці, вы будзеце прасоўвацца наперад, можа быць, павольна, але наперад, так што — жыве БАЖ, жыве Беларусь!»
Публіцыст, аналітык Валер Карбалевіч упэўнены, што любая карпарацыя, любая прафесійная супольнасць ствараецца і пачынае аб’ядноўвацца ў момант, калі адчувае небяспеку:
«Не выпадковасць, а заканамернасць. што мы святкуем 30-годдзе БАЖ, а Лукашэнка святкуе амаль такі ж юбілей, крыху большы. Стварэнне БАЖ невыпадкова супала з пачаткам фармавання рэжыму Лукашэнкі. Гэта вельмі знакавае. Думаю, што БАЖ гэта вытворнае ад незалежных СМІ.

Валерый Карбалевіч на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
2010‑я — гэта пік уплыву незалежных СМІ на грамадства, яны сталі вельмі важным палітычным фактарам, абсалютна нечакана для ўлады. Улада страціла манаполію на інфармацыю.
Большасць людзей найперш так ці інакш карысталіся незалежнымі медыямі. 2020 год стаў абсалютна нечаканым для ўладаў — яны жылі ўяўленнямі іншай эпохі. Палітычную барацьбу ў інтэрнэце ўлады прайгралі ўшчэнт. Таму і стаў магчымы 2020 год.
Улады зразумелі гэта, спахваціліся і пачалі рэзка рэагаваць. Звярніце ўвагу: першымі, каго сталі знішчаць улады, гэта незалежныя медыя. Першымі за краты трапілі незалежныя журналісты, першымі былі разгромленыя незалежныя рэдакцыі, першымі былі выціснутыя за мяжу менавіта журналісцкія калектывы.
Ну а БАЖ… БАЖ быў, ёсць і застаецца тым флагманам, які нясе вось гэтым сцяг, сцяг незалежных медыя. Пакуль жыве незалежны БАЖ, жывуць незалежныя медыі, то і жыве незалежная Беларусь. Думаю, што цяпер адна з задач БАЖ – гэта рыхтаваць экспанаты для будучага музею. Музею незалежных медый — таму тыя журналісты, што выходзяць з‑за кратаў, не выкідвайце свае робы. Яны будуць вельмі патрэбныя».

Вячаслаў Лазараў са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Якраз пасля гэтых слоў пра «робы для музею» экс-палітзняволены журналіст Вячаслаў Лазараў прадэманстраваў прысутным жылет «Прэса», які таксама прайшоў з яго ўласнікам увесь тэрмін зняволення — «вось і экспанат».
