Вядучая Бі-бі-сі выпадкова адправіла пытанні Барысу Джонсану перад размовай. Інтэрв’ю давялося адмяніць
Вядучая Бі-бі-сі Лора Кюнсберг адмяніла даўно анансаванае інтэрв’ю з былым прэм’ер-міністрам Барысам Джонсанам пасля таго, як яна выпадкова адправіла яму канспект пытанняў. Інтэрв’ю павінна было выйсці ў эфір увечары 3 кастрычніка, паведамляе Руская служба Бі-бі-сі.

Лора Кюнсберг. Крыніца фота: Бі-бі-сі
Вядучыя праграмы Бі-бі-сі звычайна працуюць з камандай прадзюсараў, якія ў дадзеным выпадку падрыхтавалі для Кюнсберг біяграфічную даведку пра Джонсана і прапановы патэнцыйных пытанняў. Палітыкаў з гэтымі пытаннямі, як правіла, да інтэрв’ю не знаёмяць. Для размовы з былым прэм’ер-міністрам такое таксама не планавалася, але вядучая памылкова адправіла дакумент Джонсану замест сваіх калегаў.
Позна ўвечары, напярэдадні дня размовы, журналістка напісала у сетцы X, што інтэрв’ю прыйдзецца адмяніць.
Лора Кюнсберг прызнала, што «сканфужаная і расчараваная», і дадала: «хоць і даводзіцца чырванець, але сумленнасць — лепшая палітыка».
Прадстаўнік Бі-бі-сі заявіў, што адмена інтэрв’ю ў існуючых абставінах стала «найлепшым выхадам».
Барыс Джонсан зараз не займае ніякіх палітычных пасад. Ён напісаў і выдаў кнігу мемуараў Unleashed («Які сарваўся з ланцуга»), якая паступіць у продаж 10 кастрычніка. У рамках прасоўвання сваёй кнігі ён у гэтыя дні дае шмат інтэрв’ю журналістам. Напрыклад, на 8 кастрычніка ў яго запланавана гутарка з іншым вядучым Бі-бі-сі на радыё 5 Live. Гэтыя планы застаюцца ў сіле.
Лора Кюнсберг — адна з галоўных палітычных карэспандэнтак Бі-бі-сі. Таксама яна вядзе шоу, якое выходзіць у эфір у нядзелю раніцай, у якім часта выступаюць вядучыя брытанскія палітыкі і нярэдка замежныя знакамітасці.
