Вярхоўны суд разгледзіць скаргу на прысуд да зняволення экс-журналісткі Алены Цімашчук
Разгляд апеляцыйнай скаргі Алены Цімашчук — журналісткі з Брэста, асуджанай да 5 гадоў зняволення і 46 тысяч рублёў штрафу, прызначаны на 16 жніўня. Слуханне ў Вярхоўным судзе распачнецца а 9.30. Старшыняваць на працэсе будзе суддзя Сяргей Гураў.

Журналістка Алена Цімашчук. Фота: з асабістай старонкі ў Facebook
Журналістка абскарджвае вырак, вынесены ёй сёлета 3 чэвеня Брэсцкім абласным судом.
Тады суддзя Дзмітрый Карасінскі асудзіў Алену Цімашчук да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі і прызначыў гіганцкі штраф памерам 1150 базавых велічынь (гэта 46 000 рублёў ці амаль у 14 000 долараў).
Суддзя Карасінскі прызнаў дзяўчыну вінаватай поводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 369–1 КК),
- распальванні варожасці ці варажнечы (частка 3 артыкула 130 КК),
- ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (частка 3 артыкула 361–1 КК).
Хто такая Алена Цімашчук
Да затрымання Алена Цімашчук працавала ў абласной тэлерадыёкампаніі «Брэст». Таксама раней у якасці фрылансера супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданнямі «Вечерний Брест», «Брестский курьер», «Брестская газета», інтэрнэт-выданнем «Виртуальный Брест», а таксама «Брестским зелёным порталом». Часам яна рабіла рэкламныя артыкулы і пісала на тэмы псіхалогіі, бо мае вышэйшую адукацыю па гэтай спецыяльнасці.
Пра сутнасць крымінальнай справы, распачатай супраць журналісткі, вядома няшмат. Праз неколькі дзён пасля вынясення прысуду, 12 чэрвеня, праўладны Telegram-канал «Жёлтые сливы» змясіў пра яе абразлівы допіс. Там сцвярджалася, што Алена Цімашчук «действительно работала в гос СМИ и всё у неё было хорошо», але трапіла «в чат-бот экстремистского формирования «Радыё Свабода», а оттуда и в обучающую программу фонда «Вацлава Гавела».
Таму ёсць падставы меркаваць, што за гэта дзяўчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні. Паколькі ў Беларусі «Радыё Свабода» абвешчанае такім фармаваннем рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў ад 23 снежня 2021 года.
Сутнасць абвінавачанняў ў распальванні варожасці ці варажнечы і ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь застаецца невядомай. Прычым, як адзначаюць мясцовыя журналісты, Алена Цімашчук падчас супрацы з брэсцкімі недзяржаўнымі выданнямі не рыхтавала публікацый на палітычныя тэмы.
Сёлета 13 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алену Цімашчук палітычнай зняволенай.
