• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вольга Класкоўская: Мы многа разам прайшлі, гора нас зблізіла

    Беларуская асацыяцыя журналістаў набліжаецца да свайго 30-годдзя. Сёння БАЖ — гэта сотні людзей, чые лёсы пераплеценыя агульнай прафесіяй, чалавечымі стасункамі, а апошняе пяцігоддзе і вялікімі рэпрэсіямі. Напярэдадні юбілею папрасілі журналістаў розных пакаленняў згадаць пра тое, як складаліся іхнія стасункі з БАЖ.

    Вольга Класкоўская партрэт

    Вольга Класкоўская. Фота: з асабістага архіва

    Журналістка Вольга Класкоўская:

    — Я прыйшла ў БАЖ больш за 20 гадоў таму — у нулявых гадах. У Мінску часта заходзіла яго офіс па журналісцкіх справах  і заўсёды атрымлівала шмат парад — як у прафесійным плане, так і ў чалавечым.

    Беларуская журналістыка заўсёды сустракалася з выклікамі і з прэсінгам беларускага рэжыму. Але, канешне, ніколі не было такіх страшных рэпрэсіўных часоў, як пасля 2020 года. Адбылася поўная зачыстка медыйнай прасторы, распачаўся татальны крымінальны пераслед, а незалежныя журналісты знаходзяцца або ў турме, або ў выгнанні. А тыя, хто застаўся ў Беларусі, мусяць «не адсвечваць» і проста не займаюцца прафесіяй.

    Ні я, ні мае калегі ні 20 гадоў гадоў таму, ні 10 і нават 5 гадоў не маглі нават дапусціць такой думкі, што рэпрэсіі дойдуць да такой жахлівай стадыі.

    Канешне, БАЖ змяніўся пасля ўзмацнення рэпрэсій. Калі раней збольшага нашыя камунікацыі насілі прафесійны характар, то сёння, у 2025 годзе, мы сталі як вялікая сям’я: мы многа разам прайшлі, гора нас зблізіла. І зараз вельмі часта на першы план выходзяць менавіта чалавечыя якасці: мы падтрымліваем і суперажываем адзін другому. Мы, незалежныя журналісты, сталі яшчэ больш блізкімі.

    Варта згадаць пра вельмі цёплыя, добрыя ўспаміны пра камунікацыі з калегамі, з аднадумцамі, проста добрымі прыемнымі людзьмі. Калі я знаходзілася за кратамі пасля падзей 2020 года, і БАЖ, і ўсе мае калегі вельмі пераймаліся за мяне, перадавалі словы падтрымкі маім бацькам і распытвалі пра мае апошнія навіны. А мая мама падчас тэлефонных гутарак ці спатканняў перадавала мне ад калег словы падтрымкі.

    Калі падсумоўваць, то ў мяне засталіся вельмі цёплыя пачуцці да БАЖ. Я вельмі спадзяюся, што некалі ў нас з’явіцца зноў магчымасць працаваць з Беларусі. Бо пісаць пра сваю краіну, знаходзячыся па-за яе межамі, — гэта анамалія.

    Даведка. Вольга Класкоўская (нарадзілася 30 студзеня 1982 года) працавала ў газеце «Народная воля», на радыёстанцыях Deutsche Welle і «Еўрарадыё». Палітычная зняволеная, двойчы абвінавачаная і асуджаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. У снежні 2021 года Вольгу Класкоўскую асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 года, а ў студзені 2022 года – за каментар на адрас брэсцкага міліцыянта. Па абвінавачанні ў «абразе прадстаўніка ўлады» журналістцы прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі». Шляхам складання тэрмінаў Вользе Класкоўскай прызначылі 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. На волю выйшла 14 снежня 2022 года. Цяпер жыве ў Швейцарыі, працуе для выдання «Новы Час». Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча (2023) за лепшы твор, напісаны аўтарам у зняволенні».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці