Былыя журналісткі Tut.by Вольга Лойка і Алена Талкачова ўнесеныя ў «спіс экстрэмістаў», ім вынесены завочны прысуд
Справа былых супрацоўніц Tut.by пачала разглядацца 4 лютага 2025 года завочна і ў закрытым фармаце — прысуд невядомы. Згодна з абноўленым 26 красавіка «спісам экстрэмістаў» на сайце МУС Вольга Лойка і Алена Талкачова «адбываюць пакаранне». Насамрэч, журналісткі пакінулі Беларусь у 2022 годзе пасля вызвалення з СІЗА.

Вольга Лойка. Фота: Plan B
Былая галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блока навінавага партала Tut.by Вольга Лойка і палітычная карэспандэнтка Алена Талкачова 26 красавіка ўнесеныя ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», што рэгулярна абнаўляе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Пазначана, што прысуд уступіў у сілу і журналісткі адбываюць пакаранне.
Закрыты завочны працэс пачаўся 4 лютага 2025 года, пра тое, што адбывалася ў ходзе слухання, не ведалі ні грамадскасць, ні самі фігуранткі. Пры гэтым сярод абвінавачаных значылася і былая юрыдычная кансультантка Tut.by Кацярына Ткачэнка, але ў абноўленым «спісе экстрэмістаў» яе прозвішча няма.
Суддзёй была прызначаная Алена Шылько з Мінскага гарадскога суда.
Вольгу Лойка, Алену Талкачову і Кацярыну Ткачэнку абвінавачвалі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»);
- ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад аплаты сум падаткаў, збораў»);
- ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»);
- ч. 3 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці).
Такія артыкулы пасля 2020 году звычайна выстаўляюць асобам, якіх пераследуюць з палітычных матываў.
Але ў абноўленым «спісе экстрэмістаў» датычна Лойкі і Талкачовай згадваюцца толькі ч. 3 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці») і ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»).
Вольга Лойка, якая ў эміграцыі заснавала аўтарскі медыяпраект Plan B, паведаміла службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў, што не сачыла за працэсам, пра прысуд ёй ніхто не паведамляў, аніякіх апеляцый падаваць яна не збіраецца і ўвогуле «не ў курсе» пра нейкія судовыя захады супраць яе.
Журналістка яшчэ перад першай спробай завочнага працэсу над былымі супрацоўніцамі Tut.by казала, што ён яе не цікавіць, а што да высунутых абвінавачанняў, то яна «не можа каментаваць трызненні і абсурд, якія не маюць да яе дачынення».

Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка
Вольгу Лойка, Алену Талкачову і Кацярыну Ткачэнку затрымалі разам з іншымі супрацоўнікамі рэдакцыі падчас штурму сілавікамі офіса Tut.by у Мінску 18 мая 2021 года. Тады была распачатая крымінальная справа нібыта за ўхіленне ад сплаты падаткаў праз ільготы Парка высокіх тэхналогій у асабліва буйным памеры. Праваабарончая супольнасць прызнала іх палітычнымі вязнямі.
Вольгу Лойку вызвалілі з СІЗА ў сакавіку 2022 года, Алену Талкачову — у ліпені пад паручальніцтвы з абавязкам з’явіцца ў суд. Яны не сталі выпрабоўваць лёс і з’ехалі з Беларусі, калі была абвешчаная дата пачатку суда над кіраўніцтвам Tut.by. У выніку таго судовага працэсу галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава і генеральны дырэктар ТАА «Тут Бай Медыя» Людміла Чэкіна былі прыгавораныя да 12 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываванай справе.
Пазней у праўладных тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя, што «збеглыя» фігуранткі абвешчаныя ў міжнародны вышук, іх справа вылучаная ў асобную «спецвытворчасць». У красавіку 2023 года Мінскі гарадскі суд (суддзя Зянькевіч) аштрафаваў кожнага з паручальнікаў за выехаўшых супрацоўніц партала на 500 базавых велічынь (18.500 рублёў на той момант). Паручальнікамі Алены Талкачовай былі палітолаг Яўген Прэйгерман і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі, Вольгі Лойка — старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.
У кастрычніку 2020 года КДБ унёс журналістак у «тэрарыстычны спіс». Вольга Лойка і Алена Талкачова пазначаныя у адмысловым пераліку як асобы, якія «маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
