Беларуская кампазітарка Вольга Падгайская падтрымала Святлану Курс у барацьбе з цяжкой хваробай, прысвеціўшы ёй музыку
Каб падтрымаць Святлану Курс у барацьбе з цяжкой хваробай, беларуская кампазітарка Вольга Падгайская пераасэнсавала любімы твор пісьменніцы.

Скрыншот з відэа
«Лось» — так называецца ўлюбёная беларуская народная песня аўтаркі слыннай «балотнай казкі» «Па што ідзеш, воўча?». Вольга Падгайская трансфармавала твор, надаўшы яму аўтарскае музычнае бачанне, спалучыўшы традыцыю і сучаснасць.
Новая кампазіцыя была запісана ў Касцёле Святога Аляксандра ў Варшаве. Партыю на аргане выконвае Вольга Падгайская, вакал належыць музыканту і журналістцы «Еўрарадыё» Машы Яр.
Відэазапіс новага прачытання песні стварылі Юля Лейдзік і Яўген Канаплёў.
«Я саромеюся хваліцца тымі дарамі, якія атрымала ад блізкіх, сяброў, творцаў, чытачоў. Але цяпер сьмела, бо Юля вылажыла. Гэта Лося — песьня для мяне, падарунак на пераломе. Але можа падтрымаць кожнага, хто цяпер перажывае цяжкія часы», — напісал пост падзякі ў сваіх сацсетках літаратарка.
Месяц таму ў Святланы Курс лекары выявілі цяжкую хваробу — рак на позняй стадыі. Пісьменніца знайшла мужнасць і сілы распавесці пра сваю хваробу, пачаць змагацца з ёй і папрасіць дапамогі. За некалькі гадзін беларусы сабралі неабходную Святлане для падтрымкі суму. Зараз творца праходзіць лячэнне.
