Журналістку Вольгу Радзівонаву ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў»
Імя асуджанай у снежні мінулага года журналісткі Вольгі Радзівонавай 7 сакавіка з’явілася ў пераліку грамадзян, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Як пазначана ў спісе, набыў моц прысуд Мінскага гарадскога суда, вынесены фрылансерцы, якая супрацоўнічала з беларускімі і замежнымі медыя.

Вольга Радзівонава. Фота: са старонкі ў Facebook
Вольга Радзівонава спрабавала абскардзіць прысуд, але 7 лютага Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу журналісткі. Суддзя ВС Эдгар Марцірасян пакінуў рашэнне першай інстанцыі ў сіле.
10 снежня 2024 года суддзя Мінскага гарадскога суда Вера Галаўкова прыгаварыла Вольгу Радзівонаву да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Акрамя таго суддзя прызначыла штраф памерам 100 базавых велічынь (4 тысячы рублёў — прыблізна 1150 USD). Таксама з журналісткі спаганяюць даход, які, па версіі следства, «атрыманы злачынным шляхам».
Вольгу Радзівонаву абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў дыфамацыйнага характару:
- частка 1 і 2 артыкула 367 КК РБ — «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»,
- артыкул 369–1 КК РБ — «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»,
- частка 1 артыкула 130 КК РБ — «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»,
- частка 1 артыкула 368 КК РБ — «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Справа Вольгі Радзівонавай
Сілавікі затрымалі журналістку 7 сакавіка 2024 года. У хуткім часе стала вядома, што па крымінальным абвінавачанні яе змясцілі пад варту ў следчы ізалятар.
А 28 сакавіка 2024 года Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў два артыкулы, што былі размешчаныя на сайце нямецкай газеты Die Tageszeitung.
Вядома, што падчас утрымання ў СІЗА № 1 Вольгу Радзівонаву накіроўвалі на псіхіятрычную экспертызу ў лякарню ў Навінках. Хворая маці Вольгі Радзівонавай, якой больш за 80 гадоў, мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
Вольга Радзівонава раней супрацоўнічала ў якасці фрылансеркі з беларускімі і замежнымі медыямі. 30 кастрычніка 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала Вольгу Радзівонаву палітычнай зняволенай.
