Чым займаецца экс-вядучая АНТ Вольга Сулімава, якая пераехала з сям’ёй у Лондан?
Вольга Сулімава (да замужжа — Курышка) пачынала кар’еру на Беларусь‑1, а потым працягнула працу вядучай на АНТ. Яшчэ ў Беларусі паралельна з працай на тэлебачанні Вольга пачала выкладаць курсы аратарскага майстэрства (у прыватнасці, у школе свайго мужа «Лідар»), а цяпер перабралася з сям’ёй ў Лондан і пераключылася на настаўніцтва цалкам.

Вольга Сулімава. Фота з сацыяльных сетак
Сулімава — прафесійная вядоўца: яна скончыла Вышэйшую нацыянальную школу тэлебачання і радыё ў Маскве па спецыяльнасці «Вядоўца тэлепраграм».
За перыяд больш чым 15-гадовага тэлевізійнага стажу было месца не толькі прамым эфірам і навінам, але і каля 100 інтэрв’ю (найбольш сама Вольга ганарыцца такімі суразмоўцамі, як Ірына Хакамада, Уладзімір Познер, Іван Ахлабысцін, Аляксандр Машэнскі, Грыгорый Лепс).

Вядучая з Іванам Ахлабысціным. Фота: фэйсбук
Гледачы могуць яе памятаць таксама па шоу — напрыклад, па «Зорных танцах» ці конкурсах прыгажосці. Дарэчы, сама Вольга ганараваная тытулам «Міс Мінск 2004» і «Віцэ-міс Беларусь».
Адзін з яе апошніх працяглых аўтарскіх праектаў на АНТ — «Суботні выпуск». У адным з іх, напрыклад, Вольга хвалілася папулярнасцю відэа калег пра «абасраных кароваў». Ролік наведвання Лукашэнкам аграхолдынгу «Купалаўскае» ў Шклоўскім раёне ў 2019‑м сапраўды разляцеўся па сеціве і парадзіў шмат мемаў. Асабліва каментар: «Ты паглядзі на гэтую скаціну, яна ж уся абасраная!».
У пачатку 2020 года Сулімава паспела атрымаць падзяку з рук Лукашэнкі за «высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўнёсак у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі». Што канкрэтна стаіць за гэтай узнагародай? Напрыклад, шматлікія паездкі ў рэгіёны і кампліментарныя сюжэты адтуль. Трансляванне пазітыву (86% беларусаў ганарацца сваёй краінай, «Беларусь у чацвёрцы экспарцёраў сыру і тварагу», «не трэба панікаваць падчас кавіду») і ўсіх целарухаў Лукашэнкі ў Палацы незалежнасці (і не толькі), ухваленне датэрміновага галасавання.
За дзень да выбараў-2020 Вольга пытала з экранаў: «Зруйнаваць дзеля прывідных абяцанняў? А што наўзамен гатовыя прапанаваць тыя, хто гэтыя абяцанні раздае?», маючы на ўвазе апазіцыю.
Спецыяльны рэпартаж гэтага выпуску пад назвай «На цёмным баку» быў прысвечаны руху «Краіна для жыцця». «У каробках — лістоўкі і металічныя прадметы, падобныя на супрацьтанкавыя вожыкі», — пужаў закадравы голас у сюжэце, дэманструючы кадры аператыўнай здымкі, намякаючы, што прадстаўнікі аб’яднаных штабаў рыхтаваліся ўзброіць беларусаў да «так званых мірных пратэстаў».

Фота з сацыяльных сетак
Але неўзабаве сям’я ўсім складам пераехала на Балі. Пасля трох год жыцця там Сулімавы распачалі чарговы новы этап: восенню 2023-га года іх дзеці пайшлі ў школу Лондана. Муж Вольгі Сяргей змог пераехаць туды па візе талентаў.
Вольга ж працягвае выкарыстоўваць свой бэкграўнд і вучыць людзей гучаць больш упэўнена, працуючы як трэнерка па голасе і маўленні.
«Вы ўласнік бізнэсу ці топ-менеджар і хочаце натхняць і матываваць? Вы эксперт сваёй справы і хочаце пераканаўча дзяліцца ведамі? Вы блогер, але ад вашага голасу не бягуць мурашкі ў слухачоў? Вы марыце працаваць у кадры і выступаць перад публікай? Вы хочаце ўзмацніць асабісты брэнд і расці ў кар’еры, каб зарабляць большыя грошы?», — заваблівае Вольга патэнцыйную мэтавую аўдыторыю на сваім сайце.
Займацца сваім голасам з экс-вядучай можна як індывідуальна, так і ў групе. Кошт такіх заняткаў розны, у залежнасці ад выбару пакета: напрыклад, персанальныя штотыднёвыя відэазаданні з разборам анлайн абыйдуцца ў $100 за гэты самы тыдзень (дадаткова навучэнцам адкрываюцца відэаўрокі). Месячнае навучанне ў групе на 8 чалавек каштуе $200.
