• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выбітныя пісьменьнікі заклікаюць расейскамоўных казаць расейцам праўду пра вайну ва Ўкраіне

    Выкарыстоўвайце «усе магчымыя сродкі сувязі» для непасрэднага кантакту з грамадзянамі Расеі, заклікаюць у звароце 17 вядомых пісьменьнікаў, — піша The Guardian.

    Сьвятлана Алексіевіч. Архіўнае фота

    Сярод 17 падпісантаў звароту — беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры ў 2015 годзе. Зварот падпісалі яшчэ больш за тузін знаных аўтараў, у тым ліку нобэлеўскі ляўрэат Джон Максвэл Кутсіе.

    Гэты заклік прагучаў у час, калі расейскі ўрад спыніў доступ да навінаў і інфармацыі аб уварваньні ва Ўкраіну, заблякаваўшы вэб-сайты і фактычна перакрыўшы трансьляцыі.

    Пісьменьнікі зьвяртаюцца да ўсіх, «хто валодае расейскай мовай, да людзей усіх нацыянальнасьцяў, да носьбітаў мовы, да тых, для каго расейская — другая ці трэцяя мова».

    «Сёньня расейскую мову выкарыстоўвае расейская дзяржава для распальваньня нянавісьці і апраўданьня ганебнай вайны супраць Украіны. Па-расейску афіцыйныя СМІ паўтараюць бясконцую хлусьню, якая стварае дымавую заслону вакол гэтай агрэсіі», — гаворыцца ў звароце.

    Пісьменьнікі канстатуюць, што «расейцаў шмат гадоў кормяць хлусьнёй. Незалежныя крыніцы інфармацыі амаль цалкам зьнішчаныя. Лідэры апазыцыі — замоўклі. Дзяржаўная прапагандысцкая машына працуе на ўсю моц».

    Як адзначаецца ў звароце, «у гэтай сытуацыі вельмі важна раскрыць расейскім грамадзянам усю праўду аб расейскай агрэсіі супраць Украіны. Пра пакуты і страты ўкраінскай нацыі. Пра мірных жыхароў, якія сталі мішэнямі і былі забітыя. Пра небясьпеку ўсяму эўрапейскаму кантынэнту. А магчыма, і ўсяму чалавецтву — з увагі на факт ядзернай пагрозы».

    «Вы размаўляеце па-расейску. Гэта мае значэньне. Калі ласка, выкарыстоўвайце ўсе магчымыя сродкі сувязі. Тэлефоны. Мэсэнджары. Электронныя лісты. Зьвярніцеся да людзей, якіх вы ведаеце. Зьвяртайцеся да людзей, якіх вы не ведаеце. Гаварыце праўду. Калі Ўладзімір Пуцін сьляпы і глухі, то, магчыма, расейцы прыслухаюцца да тых, хто гаворыць на адной зь імі мове. Гэтую супрацьпраўную вайну трэба спыніць», — гаворыцца ў звароце.

    Акрамя Сьвятланы Алексіевіч, зварот падпісалі пісьменьнікі Ўладзімір Сарокін, Людміла Уліцкая, Аляксандар Геніс, Барыс Акунін, Дьзмітрый Глухоўскі, Віктар Шэндэровіч, Саша Філіпенка, Віктар Марціновіч ды іншыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці