Выстава фотажурналістыкі “Справаздача’18” адкрыецца ў Мінску
Калі вы захапляецеся фотажурналістыкай, хочаце пабачыць лепшае з таго візуальнага, што публікавалася на TUT.BY, зразумець, чым займаюцца рэпарцёры, ці проста ўзгадаць, чым жыла краіна апошні год, вам неабходна прыйсці на выставу “Справаздача 2018”.
Ужо чацвёрты год запар каманда фотаслужбы TUT.BY праводзіць экспазіцыю ў сваёй галерэі. Канцэпцыя выставы належыць запрошанаму куратару Юліі Назаравай. Дзякуючы ёй вы маеце магчымасць убачыць не проста лепшыя здымкі фотаслужбы, а зразумець, на якія тэмы фотакарэспандэнты здымалі больш за ўсе і што іх хвалявала як аўтараў.
На выставе будуць раздзелы пра “Паўсядзёнае жыццё”, “Спорт”, “Культуру”, “Рэлігію”, іншыя тэмы. На экспазіцыі будзе прадстаўлены шэраг праектаў. “Шлях малака”, прысвечаны жыццю звачайных людзей, якія заняты ў вялікай індустрыі краіны. Праект пра тое, што за людзі працуюць у Доме быта на Камароўцы. Здымкі пра урбан-калядоўшчыкаў, якія захоўваюць традыцыі калядавання, нягледзячы на каменныя сцены вакол нас. Праект Humans of Minsk, дзякуючы якому можна будзе пабачыць любімых герояў і яшчэ раз перажыць іх гісторыі. Некаторыя з іх завітаюць на выставу самі. Магічныя кветкі, зробленыя з дапамогай незвычайнай тэхнікі сканаграфіі — выдатны фон для здымкаў інстаграма.
На “Справаздачы’18” прафесіяналы змогуць паглядзець на вынікі працы сваіх калег. Тыя, хто цікавіцца фотажурналістыкай, убачаць, у якім кірунку развіваецца візуальная культура нашых карэспандэнтаў. Для чытачоў партала гэта выбітная магчымасць сустрэцца з любімымі аўтарамі і абмеркаваць іх працы. Для ўсіх неабыякавых да таго, што адбываецца ў краіне, — магчымасць перажыць ці адчуць больш яскрава тыя падзеі, з якімі мы жылі апошні год.
Гэтым разам на выставе будзе прадстаўлена 10 аўтараў. Гэта самая масштабная колькасць за ўвесь час правядзення мерапрыемства. Вы ўбачыце працы наступных фатографаў: Зміцер Брушко, Надзея Бужан, Дар’я Буракіна, Кацярына Гардзеева (Гродна), Андрэй Дамейка, Яўген Ерчак, Вадзім Заміроўскі, Дар’я Сапранецкая, Вольга Шукайла, Іван Ярывановіч (Гомель).
Музычную атмасферу створыць гітарыст Андрэй Еўдакімаў, які многім знаёмы па праекту Диафильм live.
Адкрыццё — 24 студзеня а 19‑й.
Выстава працуе з панядзелка па пятніцу, з 9.00 да 18.00, да 5 сакавіка 2019 года.
Месца правядзення — Галерэя TUT.BY.
Адрас: г. Мінск, пр. Дзяржынскага, 57, 9‑ты паверх, ст. м. «Міхалова», БЦ Omega Tower.
Уваход вольны.
Па пытаннях наведвання выставы ці іншай дадатковай інфармацыі можна тэлефанаваць:
Юлія Ваўчок, фотарэдактар: +375 44 793 10 42
Вольга Шукайла, фотакарэспандэнт: +375 29 104 98 10
«Я веру ў Цуд». Прэзентацыя кнігі Сяргея Ваганава — 24 студзеня