WATCH DOCS упершыню завітае ў Гродна
У Гродна ўпершыню адбыдуцца паказы фільмаў Міжнароднага фестываля дакументальнага кіно па правах чалавека WATCH DOCS. Фестываль праводзіцца ў Польшчы 15 гадоў, гэта адзін з самых старах і самых вялікіх фестываляў дакументальнага кіно ў свеце.
Фэст ужо двойчы адбываўся ў Мінску, а цяпер ўпершыню — у Гродне.
WATCH DOCS BELARUS у Гродне — гэта шэсць дзён, падчас якіх Вы зможаце пазнаёміцца з новым кіно сусветна вядомых дакументалістаў.
Пра будучыя паказы распавядае каардынатар паказаў гэтага фэсту ў Гродне Вольга Галецка:
— Фэст будзе цягнуцца 6 дзён з 12 па 17 снежня. Штодня можна будзе паглядзець па аднаму фільму. Фільмы прысвечаныя розным тэмам — гэта і правы жанчын, і вайна ў Чачні, і вайна ва Украіне, экалогія, сталыя людзі.
Фільмы будуць паказваць у Гродне на розных пляцоўках горада — гэта грамадскае аб’яднанне «Цэнтр «Трэці Сектар», Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый», а таксама бар “Несцерка”, што знаходзіцца ў самым цэнтры горада.
Арганізатары фэсту ў Гродне спадзяюцца, што фільмы будуць цікавыя шырокаму колу гледачаў. Уваход на ўсе прагляды — вольны.
