• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ягор Марціновіч з‑за кратаў: Я адчуваю сябе па-ранейшаму свабодным чалавекам

    Другі месяц галоўны рэдактар «Нашай Нівы» знаходзіцца ў следчым ізалятары. У лістах Ягор расказвае, што чытае штодзень па 500 старонак, дае парады, у якое падарожжа па Беларусі абавязкова трэба адправіцца і разважае пра беларускую журналістыку.

    «Я адчуваю сябе па-ранейшаму свабодным чалавекам, на якога ў сілу абставінаў наклалі нейкія абмежаванні, — піша Ягор. — Для мяне прынцыпова важна было застацца ў Беларусі, і я выканаў свой план. Гэтае рашэнне было прынятае не зараз, не год таму, яно выспявала доўгі час».

    У журналістыку Ягор прыйшоў ажно 15 год таму, калі паступіў на журфак БДУ.

    «Наўрад ці я назаву нейкага аднаго чалавека, які зрабіў з мяне журналіста, — кажа ён. — Тут цэлая сукупнасць фактараў — і выхаванне бацькоў, і патрыятычны ўплыў ліцэя БДУ, і кола сяброў ва ўніверсітэце, і, перадусім, тая атмасфера беларускасці і свабоды, якую я сустрэў у «Нашай Ніве» канца 2000‑х. Прыемна, што за апошняе дзесяцігоддзе ніхто з калег не здрадзіў ні сабе, ні нашым агульным каштоўнасцям.

    2020 год паказаў, хто чаго варты, і мне не сорамна ні за аднаго з калег. Спадзяюся, ім за мяне таксама».

    І пра гістарычны час: Ягор кажа, што яму цікава тое, што адбываецца зараз, калі мы ўсе сталі сведкамі пераломнага перыяду ў Беларусі.

    «У падлеткавым узросце я трохі зайздросціў тым, чый дарослы час трапіў на пачатак 90‑х — як гэта: бачыць лёсавызначальныя змены на ўласныя вочы. Цяпер застаецца толькі ганарыцца тым, што я жыву проста зараз. Вельмі цікавы час!»

    3‑га верасня ў галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» дзень народзінаў. Упершыню побач з ім не будзе родных і сяброў, але калегі спадзяюцца, што чытачы перададуць Ягору словы падтрымкі. Калі ласка, дашліце яму ліст, тэлеграму ці паштоўку. Турэмная пошта, на жаль, працуе вельмі марудна, таму адпраўляць пасланні можна ўжо зараз.

    Адрас для лістоў: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1. Марціновічу Ягору Аляксандравічу

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці