Як беларуская дзяржава парушае свой жа закон аб СМІ
У Беларусі распрацаваныя папраўкі ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Іх могуць разглядзець ужо 19 красавіка. Цалкам магчыма, што закон стане больш жорсткім і ў дачыненьні СМІ, і да карыстальнікаў сацыяльных сетак.
У рэйтынгу «Рэпартэраў бязь межаў» Беларусь на 153‑м месцы са 180 у свабодзе прэсы. Краіна працяглы час застаецца ў сьпісе несвабодных паводле Freedom House, у рэйтынгу свабоды СМІ гэтай арганізацыі Беларусь на 175‑м месцы з 200. Затое яна ў лідэрах па судах журналістаў, для тэлеканалу «Белсат» праца ў Беларусі каштуе 50 тысяч рублёў на год адных толькі штрафаў.
Справа ня толькі ў жорсткіх законах адносна СМІ (як, напрыклад, крымінальная адказнасьць за «паклёп на прэзыдэнта», якая абмяжоўвае крытыку ўлады), а і ў абмежаваньнях свабоды прэсы, законнасьць якіх сумнеўная. Бываюць выпадкі, калі напады на СМІ ў Беларусі відавочна незаконныя, але застаюцца непакаранымі.
-
Журналіста могуць пабіць праваахоўнікі. Могуць проста ў судзе, дзе журналіст выконвае сваю працу, як гэта было з Паўлам Дабравольскім. Могуць у РАУС, як адбылося зь Дзянісам Маруком.
-
Журналіста могуць пасадзіць на 15 сутак за тое, што падчас затрыманьня ён «мацюкаўся» словамі «я журналіст», як гэта было з Аляксандрам Баразенкам. Або аштрафаваць за «неспакойныя паводзіны» і «мацюкі агульнага характару» падчас ператрусу ў ягонай рэдакцыі, як здарылася з Алесем Любенчуком.
-
Журналіста могуць прызнаць вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту, якую гэты журналіст асьвятляў, маючы рэдакцыйнае заданьне, як адбылося з Галінай Абакунчык і Кацярынай Андрэевай.
-
Журналістаў у прынцыпе могуць затрымліваць і штрафаваць дзясяткамі, як адбывалася увесну мінулага году і пратэстаў «недармаедаў». У час затрыманьня журналіста могуць прыкаваць кайданкамі да дрэва, як зрабілі з Кастусём Жукоўскім.
-
Журналіста могуць затрымаць праз падазрэньне ў «здрадзе дзяржаве» і «шпіянажы», судзіць у закрытым рэжыме, вызваліць, прыпыніць справу, але так і не патлумачыць, ці справа спыненая канчаткова, як адбылося з Аляксандрам Алесіным.
-
Справу аб выкраданьні і забойстве журналіста могуць пакінуць не да канца расьследаванай, як панінулі справу забойства Дзьмітрыя Завадзкага, учыненага яшчэ ў 1999 годзе.
-
Могуць пагражаць сям’і журналіста, як гэта было з Ларысы Шчыраковай, у якой пагражалі адабраць 10-гадовага сына.
-
У рэдакцыі незалежнай газэты могуць зрабіць ператрус зь невядомай прычыны і не вярнуць канфіскаваную тэхніку, як было з «Нашай нівай». У журналіста могуць ня толькі афіцыйна канфіскаваць, але і проста скрасьці апаратуру, як здарылася з дронамі на «Сьвяце Незалежнасьці».
-
СМІ могуць адвольна блякаваць або «глушыць» без прад’яўленьня афіцыйных рашэньняў, як гэта ня раз было з цэлым шэрагам сайтаў падчас масавых акцыяў пратэсту (часам нават блякаваліся сацсеткі). Або могуць афіцыйна заблякаваць, але не паведаміць дакладнай прычыны, як не паведамілі сайту «Беларускі партызан». Папраўдзе, калі за мэту ставіцца спыненьне распаўсюду інфармацыі, то такія блякаваньні марныя.
-
Не журналіста, а нават блогера могуць аштрафаваць за стрымы на асабістыя старонкі ў сацсетках, як зрабілі з Аляксандрам Кабанавым і Сяргеем Пятрухіным. Што праўда, часам могуць апраўдаць і не знайсьці складу злачынства ў «падмене дзяржаўных СМІ» сваім відэаблогам, як здарылася з Максімам Філіповічам.
Артыкул 7 закону «Аб СМІ» называе недапушчальным незаконнае абмежаваньне дзейнасьці прэсы.