• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як бяспечна чытаць навіны ў Telegram, калі вы ў Беларусі

    Парады ад Euroradio, якіх можна прытрымлівацца самім і расказаць пра іх родным.

    Ужо больш за тры гады сілавікі працягваюць змагацца з тымі, хто чытае «няправільныя» навіны. Часцей за ўсё знойдзеныя ў тэлефоне падпіскі на каналы або СМІ, якія ўлады назвалі «экстрэмісцкімі», прыводзяць як мінімум да адміністрацыйнага арышту, калі вельмі пашанцуе — штрафу.

    Нагадаем базавыя правілы і парады таго, як бяспечна чытаць навіны ў тэлеграме. Абавязкова карыстайцеся імі самі, а таксама расказвайце родным, асабліва пажылым, каму можа быць складаней разабрацца з тэхнікай.

    Змяніць налады, пачысціць гісторыю

    Першае і самае простае (і галоўнае), з чаго варта пачынаць — праверыць налады тэлеграма. Па-першае, прыбярыце сваё сапраўднае імя з акаўнта, кароткая спасылка (тое ж, што @імя) таксама мусіць быць незвязаная з вамі.

    Далей — уключыце двухэтапную аўтарызацыю і стварыце воблачны пароль. Абавязкова уключыце доступ праз пароль, а калі ў вас ёсць функцыя Face ID — адключыце яе. Адзначце пункт «нумар тэлефона» у раздзеле «Прыватнасць» як «ніхто», тое ж самае зрабіце з аватарам (туды ўсё роўна лепш не ставіць сапраўднае фота).

    Пункт «перасланыя паведамленні» пераключыце як мінімум на «мае кантакты», пажадана – на «ніхто». Гэта каб вашы паведамленні не перасылаліся далей. Таксама трэба выключыць магчымасць знаходзіць вас па нумары тэлефона.

    У «наладах дадзеных» выберыце «выдаліць чарнавікі з воблака».

    Далей: у раздзеле «дадзеныя і сховішча» выбіраеце «сховішча» і чысціце кэш. Гэта трэба будзе рабіць пастаянна. Там жа ўнізе ёсць налады аўтавыдалення медыяфайлаў з кэша — усюды усталюйце мінімальна магчымы тэрмін. «Максімальны памер кэша» таксама ўсталёўваем на мінімальна магчымае значэнне.

    У раздзеле «захоўваць у галерэю» ўсюды націскаем «выключыць» — каб, напрыклад, прагледжаная фатаграфія з бел-чырвона-белым сцягам не захавалася да вас у галерэю.

    Важна! Усё гэта (асабліва — налады захавання файлаў і выдаленне кэша) трэба зрабіць асобна на дэсктопнай версіі месенджара (то-бок на кампутары).

    Нават пасля ачысткі кэша ў вас застанецца гісторыя нядаўніх чатаў і каналаў. Націсніце на «пошук» на галоўнай старонцы праграмы і націсніце «ачысціць ўсё». Рабіце так пастаянна.

    Выдаліце ботаў

    Нават калі вы даўно не карысталіся ботамі «Голасу» або «Сумленных людзей», ці калісьці адкрывалі бот плана «Перамога», гэта не значыць, што яны зніклі. Іх трэба выдаліць.

    Вось што раяць «Кіберпартызаны»:

    · Зайдзіце ў «чорны спіс» і выдаліце з яго ўсіх ботаў, калі яны там ёсць;

    · Увядзіце слова bot у радку пошуку Telegram;

    · Абярыце бота, якога трэба выдаліць назаўжды. У акне дыялогу з ім націсніце на тры вертыкальныя кропкі і абярыце «Ачысціць гісторыю»;

    · Зноў увядзіце слова bot ў радку пошуку Telegram. Націсніце на той жа самы бот правай кнопкай мышы і выберыце «Выдаліць чат»;

    · Пачакайце каля сутак. Увесь гэты час не шукайце ботаў у радку пошуку! Пасля гэтага бот павінен канчаткова выдаліцца. Калі гэтага не адбылося, паўтарыце ўсе дзеянні з п. 2–5. Калі не з першай спробы, то праз некалькі разоў бот павінен выдаліцца канчаткова.

    Важна! Часта сілавікі спрабуюць «злавіць» беларусаў на фэйкавыя копіі ботаў — яны рассылаюць іх у асабістыя паведамленні, публікуюць у падробленых каналах і кідаюць у каментары. Першае правіла: пераходзіце ў боты толькі з афіцыйных каналаў, ніколі — з груп, чатаў або пошуку. Ніколі! Другое: калі гэтак ужо здарылася, або калі сілавікі раптам атрымаюць доступ да часткі баз таго ці іншага бота, у іх захаваецца ваш Telegram ID. Памяняць яго немагчыма.

    Таму самы надзейны спосаб і пазбавіцца ад ботаў, і змяніць айдзі — выдаліць тэлеграм-акаўнт і стварыць новы. Тады ў вас будзе новы айдзі.

    Пачысціце свае чаты і каментары

    Праверце свае перапіскі, чаты і каналы. «Палітычныя» допісы лепш пачысціць. Памятайце, што перасыланне паста з «экстрэмісцкага» канала нават у сямейную групу можа расцэньвацца як распаўсюд. На будучыню: капіюйце тэкст і адпраўляйце яго, але і пры гэтым хутка выдаляйце і для сябе, і для атрымальніка.

    Каб знайсці і выдаліць свае старыя каментары (а вы пра іх можаце і не памятаць) — скарыстайцеся спецыяльным ботам ад праваабаронцаў. Ён бяспечны і сапраўды дапамагае.

    Асобны акаўнт для палітыкі

    Калі ў вас ёсць магчымасць, для падпіскі на палітычныя тэлеграм-каналы, ды і наогул на любыя навінавыя (увесь спіс «экстрэмістаў» памятаць немагчыма) стварыце асобны акаўнт у тэлеграме.

    Важна! Гэты акаўнт павінен быць не на беларускай сім-карце. Калі на вас будуць зарэгістраваныя дзве сім-карты, а ў выпадку праверкі сілавікамі вы пакажаце толькі адну прыладу — гэта выкліча падазрэнні. Замежную сім-карту для вас могуць купіць за невялікія грошы знаёмыя за мяжой, таксама ёсць сэрвісы па куплі віртуальных нумароў тэлефонаў.

    Лагічна, што асобны рахунак вельмі пажадана трымаць на асобнай прыладзе, якую вы не бераце, напрыклад, з сабой на працу, а яна ўвесь час ляжыць дзесьці дома. Аднак з гэтага акаўнта ўсё роўна пажадана пастаянна выходзіць, каб у выпадку «хатняга рэйду» нічога не знайшлі і там.

    Самы просты варыянт: чытайце каналы без падпіскі

    Калі цяжка тлуміць сабе галаву асобнымі акаўнтамі і прыладамі (асабліва, напрыклад, вашай бабулі), памятайце: чытаць тэлеграм-каналы можна і без падпіскі. І нават не заходзячы на іх (у гэтым выпадку могуць заставацца сляды на прыладзе).

    Як гэта зрабіць? Проста. Адкрывайце браўзер абавязкова праз рэжым «інкогніта «(у Хроме, напрыклад, трэба націснуць на тры кропкі зверху справа, каб выбраць «інкогніта». Убіваеце адрас канала ў фармаце t.me/s/ і далей тое, што выкарыстоўваецца ў спасылцы на канал.

    Напрыклад, Еўрарадыё можна чытаць такім чынам, упісаўшы ў адрасны радок t.me/s/euroradio. Так вам не трэба падпісвацца, нічога не захоўваецца ў гісторыі браўзера і на прыладзе, і пасля прыкладаць дадатковыя намаганні.

    Выкарыстоўвайце «партызанскі тэлеграм» і парады «Кіберпартызанаў»

    Опцыя «з зорачкай»: спецыяльны «партызанскі» Telegram, які можна ўсталяваць і на Android, і на iOS. Распрацоўка беларускіх «Кіберпартызанаў», гэтая праграма дазваляе ствараць «таемныя» старонкі, не пакідаць лічбавых слядоў і адчуваць сябе ў большай бяспецы.

    Аднак гэты варыянт падыдзе не ўсім праз сваю складанасць, і ёсць нюанс у тым, што, убачыўшы гэтую версію тэлеграма, сілавікі могуць асабліва зацікавіцца. Але пакуль што праграма працуе выдатна.

    У адным артыкуле ўсё не ахапіць, таму варта чытаць і прытрымлівацца парад «Кіберпартызанаў» па лічбавай бяспецы. Сачыце за іх каналам, які таксама можна бяспечна глядзець праз браўзер па спасылцы t.me/s/cpartisans_security.

    Будзьце асцярожнымі і беражыце сябе і блізкіх! Вы можаце спампаваць гэтыя рэкамендацыі ў фармаце PDF, каб падзяліцца з тымі, хто не карыстаецца VPN або не такі дасведчаны ў лічбавай бяспецы.

    Чытайце яшчэ:

    «Вот я уже дипломированный мастер по перманентному макияжу». Как работают белорусские региональные медиа после 2020 года

    «Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця». Журналіст Павел Мажэйка патлумачыў матывы паводзін на судзе

    Ягор Марціновіч пра Івуліна: «Самы круты сусед у зняволенні. У камеры ўзводзілі аптымізм у квадрат»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці