Як пашырыць беларускамоўны асяродак: парады ад ініцыятывы “Абаронім мову разам!”
Звыш двух дзясяткаў зваротаў накіравалі ў дзяржаўныя ўстановы ўдзельнікі сустрэчы ў Гомелі з камандай праекту “Абаронім мову разам!”.
Такую сустрэчу арганізавала сябра ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова на ток-пляцоўцы “Медыяпрастора”, мадэратарамі выступілі беларускі “моўны інспектар” Ігар Случак і ягоныя паплечнікі Аліна Нагорная і Юры Татур.
Госці перакананыя, што любы грамадзянін Беларусі можа станоўча паўплываць на тое, каб стала больш вулічных указальнікаў, шыльдаў, дарожных знакаў, напісаных на беларускай мове.
“Больш таго, — зазначыў Ігар Случак, — праз сацыяльныя сеткі мы маем магчымасць падштурхнуць многіх суграмадзян далучыцца да такой патрэбнай і важнай у нашай краіне справы”.
Згадваліся прыклады, калі на падставе зваротаў міліцыя, дарожныя службы, мясцовыя адміністрацыі мянялі шыльды на беларускамоўныя альбо проста дублявалі назвы сваіх устаноў па-беларуску. У сеціве, па сутнасці, зніклі абразлівыя выказванні і каментары на адрас беларускай мовы, бо акурат на падставе зваротаў аўтараў такіх каментароў прыцягвалі праз суды да адміністрацыйнай адказнасці.
Ініцыятары праекту “Абаронім мову разам!” падрыхтавалі шэраг аргументаваных узораў зваротаў, у якіх прыведзеныя спасылкі на нацыянальныя заканадаўчыя акты. Іх можна браць за аснову, калі чалавек звяртаецца ў выканаўчы камітэт, ДАІ на замену вулічнай шыльды, дарожнага знака альбо электроннага табло, дзе назва ці тэкст падаюцца толькі па-руску.
Высілкамі “моўных інспектараў” праз краўдфандынг выдадзены кішэнны дапаможнік “Абаронім мову!” — з парадамі, інструкцыямі і прыкладамі зваротаў (https://svaje.by/vykonvaj), скіраваных на тое, каб на беларускай мове размаўляла як мага болей людзей, а ахвочых абразіць яе рабілася ўсё менш.
Абаронцы мовы абяцаюць нават разыграць кнігі Уладзіміра Арлова “Краіна Беларусь” з аўтографам аўтара сярод тых, хто зробіць публікацыі сваіх зваротаў і адказаў на іх з хэштэгам #выконвайхуткаснырэжым.
У якасці практычнага задання ўдзельнікі сустрэчы — а гэта былі журналісты, блогеры і проста неабыякавыя гараджане — падрыхтавалі звыш двух дзясяткаў зваротаў у Міністэрства транспарту і камунікацый, у дзяржаўнае аб’яднанне “Беларуская чыгунка” з просьбай прадаваць квіткі на ўнутраныя рэйсы аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту спрэс на беларускай мове, калі толькі пасажыр не патрабуе іншага.
“Транспарт, — перакананыя абаронцы мовы, — мае наўпроставы ўплыў на фармаванне патрыятычных пачуццяў, любові да Беларусі. Ён гуртуе народ. А ў Беларусі гэты народ — беларусы, і мова гэтага народу — беларуская”.
Атрымалі прысутныя і хатняе заданне: зазірнуць дома ў лядоўні і напісаць звароты тым вытворцам, якія не маркіруюць сваю харчовую прадукцыю па-беларуску.
Выказваліся таксама прапановы больш актыўна ангажаваць у справу пашырэння беларускамоўнага асяродку сябраў Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны і Савет міністраў Беларусі.