Як здароўе Аляксандра Фядуты?
16 чэрвеня – тры гады, як знаходзіцца за кратамі вядомы журналіст і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута. Але гэта з улікам часу, праведзенага ў СІЗА, піша «Народная воля».
Знаёмыя Аляксандра Фядуты падлічылі, што сёння, 16 чэрвеня, — тры гады, як журналіст за кратамі.
«Дакладней, затрымалі Фядуту 11 красавіка 2021 года, але дзень знаходжання ў СІЗА лічыцца за паўтара дня ў калоніі, — распавялі суразмоўцы “Народнай Волі”. – Такім чынам, Аляксандр Іосіфавіч ужо адсядзеў тры гады ад свайго дзесяцігадовага тэрміна».
Вядома, што ў Аляксандра Фядуты ёсць праблемы са здароўем, і ў гэтым годзе ён трапляў у турэмную бальніцу. Абвастрыліся праблемы з сэрцам, з’явіліся ацёкі.
Таксама маюцца праблемы з нагамі: яшчэ ў СІЗА журналісту перадалі кіёк, з якім ён ходзіць і ў магілёўскай калоніі. Хаця, па некаторай інфармацыі, зараз ён адчувае сябе лепш, чым напачатку года.
Блізкія Аляксандра Фядуты не даюць ніякай інфармацыі ў СМІ, «каб не нашкодзіць». Але ад былых калег Фядуты па зняволенні стала вядома, што журналіст пазбаўлены перадач да кастрычніка. Яму перадаюць толькі лекі.
Нагадаем: у мінулым годзе ў Мінскім абласным судзе быў вынесены прысуд па справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». На лаве падсудных знаходзіліся палітолаг, журналіст і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, юрыст Юрый Зянковіч, супрацоўніца яго мінскага офіса Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук.
У выніку Юрый Зянковіч атрымаў 11 гадоў зняволення, Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў — па 10 гадоў, Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч — па 2,5 гады пазбаўлення волі.
Чытайце яшчэ:
Як правяраюць расследаванні. Кароткі гайд ад фактчэкера OCCRP
Появилось новое белорусское медиа Plan B. Его главред — Ольга Лойко
«Маці піша ў асноўным пра тое, што чытае, і дае жыцьцёвыя парады», — дачка Марыны Золатавай