Яшчэ адзін іск аб абароне дзелавой рэпутацыі супраць журналіста — суд 6 лютага
Журналіста Ex-Press.by Паўла Сляпухіна выклікаюць у Эканамічны суд Мінскай вобласці за артыкул “Медработник колледжа: будущих медиков в Борисове кормят дорого и некачественно”.
У маі мінулага года ПГУП “АИТА-ТОРГ” заключыла з Барысаўскім дзяржаўным медыцынскім каледжам дамову аб арганізацыі харчавання навучэнцаў. У лістападзе на сайце ex-Press.by з’явіўся крытычны артыкул журналіста, у выніку чаго, як сцвярджае аўтар іску, прадпрыемства было вымушанае скасаваць дамову з каледжам.
Па меркаванні ПГУП “АИТА-ТОРГ” у артыкуле ўтрымліваюцца звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганьбяць дзелавую рэпутацыю прадпрыемства. Ісцец просіць суд абвергнуць распаўсюджаныя звесткі шляхам накіравання рашэння суда ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт, у інтэрнэце, у газетах “Адзінства” і “Борисовские новости”, а таксама спагнаць з адказчыка панесеныя ў сувязі з працэсам выдаткі.
Патрабаванні кампенсацыі панесеных стратаў, звязаных з парушэннем гаспадарчай дзейнасці, не заяўленыя. Папярэдняе пасяджэнне па справе прызначанае на 6 лютага ў Эканамічным судзе Мінскай вобласці.
Фота з апальнага артыкула