• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Яшчэ двух незалежных журналістаў вінавацяць у працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі (+25 падобных справаў за сёлета)

    25 чэрвеня незалежных журналістаў з Глыбокага (Віцебская вобласць) Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача выклікалі ў міліцыю. Па выніках размовы ў міліцыі Таццяна Смоткіна распавяла, што супраць яе распачатая адміністрацыйная справа за выраб матэрыяла “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўным", размешчанага 9 чэрвеня на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” (Польшча).

    – Смешна, што гэта матэрыял, дзе няма ані слова пра палітыку, ці нешта негатыўнае. Тэкст пра тое, што навучэнцы Глыбоцкай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча размалявалі каналізацыйныя люкі. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і моладзі Глыбоцкага райвыканкама Таццяны Працук пракаментавала тую ідэю так: “Гэта адзін з тых праектаў, які робіць наш горад яшчэ больш прывабным”, – распавядае Таццяна Смоткіна.

    – У міліцыі ж мне паказалі афіцыйную паперу з пракуратуры, дзе пазначана, што я парушыла заканадаўства аб СМІ і артыкул 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Таму старшы інспектар Барыла збірае на мяне матэрыялы ў суд. Дарэчы, ён прызнаўся, што ў якасці ўзору яму даслалі дакументы адміністрацыйнай справы берасцейскай журналісткі Аліны Літвінчук.

    Таццяна Смоткіна мусіць з’явіцца ў міліцыю яшчэ раз – у наступны панядзелак, калі прыйдзе адказ на запыт, ці мае яна акрэдытацыю як прадстаўніца замежнага СМІ.

    – Я не хаваю, што супрацоўнічаю з “Беларускім Радыё Рацыя”. Па-першае, пад тэкстам стаіць мой подпіс, і я ні ад каго не хавалася ніколі. Па-другое, я наўпрост сказала ў міліцыі, што ганаруся супрацоўніцтвам з незалежным СМІ, і гэта дазваляе мне пісаць праўду, быць шчырай і бараніць інтарэсы людзей», – дадае Таццяна.

    Гутарка ў міліцыі з журналістам Змітром Лупачам тычылася публікацыі «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 года», размешчаным на сайце «Еўрарадыё».

    – Інспектар паказаў мне раздрукоўку гэтага тэксту без пазначэння аўтарства, а таксама ксеракопію з газеты “Вольнае Глыбокае”, дзе пад артыкулам стаіць маё прозвішча. На думку супрацоўніка міліцыянта, аўтарства артыкула ў газеце з’яўляецца доказам таго, што я супрацоўнічаю і з замежным СМІ. Спадар Барыла даслаў запыт, ці маю я акрэдытацыю як журналіст “Еўрарадыё”, і цяпер чакае адказу, – распавёў ГА “БАЖ” Зміцер Лупач. Яго таксама выклікаюць у міліцыю ў наступны панядзелак, каб скласці пратакол пра правапарушэнне і скончыць падрыхтоўку справы для суда.

    Паводле часткі 2 артыкула 22.9 ч.2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) Таццяне Смоткінай і Змітру Лупачу пагражаюць штрафы памерам ад 20 да 50 базавых велічынь.

    Такім чынам лік сёлетніх адміністрацыйных справаў супраць незалежных журналістаў за нібыта працу без акрэдытацыі дасягнуў дваццаці пяці. ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” рашуча пратэстуе супраць такой практыкі і незаконнага, на наш погляд, прымянення артыкула 22.9 КаАП да фізічных асобаў.

    Ужо сёння кіраўніцтва ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” намерана праінфармаваць пра абвастрэнне сітуацыі еўрапейскія журналісцкія структуры і АБСЕ.

    Нагадаем, што заўтра, 26 чэрвеня, у Брэсце пройдзе падобны судовы працэс над журналістам Алесем Леўчуком, якога таксама абвінавачваюць па арт.22.9 КаАП.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці