• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    YouTube і Facebook усё ж такі не СМІ. У Брэсце адменена пастанова суда ў дачыненні да блогераў

    У Брэсцкім абласным судзе 11 красавіка адбыўся разгляд касацыйнай скаргі блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна, якія прасілі адмяніць пастанову суда Пінска і Пінскага раёна.

    12 сакавіка суд першай інстанцыі пакараў штрафам Кабанава і Пятрухіна на 40 базавых велічыняў кожнага (980 рублёў). Суддзя Пінска і Пінскага раёна Вольга Лубнік зрабіла выснову, што яны вінаватыя ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП). Гаворка ідзе пра анлайн-трансляцыі, якія блогеры рабілі на прахадной завода па вытворчасці акумулятараў ў Пінску.

    Пасля вывучэння пісьмовых матэрыялаў гэтай справы і касацыйнай скаргі, а таксама выслухаўшы тлумачэнні пазоўнікаў, суддзя Брэсцкага абласнога суда Руслана Сянько адмяніла пастанову суда першай інстанцыі. Такім чынам, штрафы, якімі пакаралі блогераў, ануляваныя.

    Па словах Сяргея Пятрухіна, сённяшняе судовае рашэнне ён лічыць прадказальным:

    “Гэта быў бы нонсенс, калі б і абласны суд засведчыў, што YouTube і Face­book з’яўляюцца сродкамі масавай інфармацыі, а таму кожнага, хто выкладвае відэа ў сацыяльныя сеткі, варта лічыць распаўсюднікам прадукцыі СМІ”, — кажа брэсцкі блогер.

    На яго думку, калі б гэтая справа дайшла да Вярхоўнага суда, яна б атрымала яшчэ большы розгалас і мела б непрадказальныя наступствы для інтэрнет-супольнасці Беларусі.

    Варта дадаць, што суддзя Брэсцкага аблсуда Руслана Сянько тыдзень таму разглядала іншую касацыйную скаргу Сяргея Пятрухіна, калі ён дамагаўся адмены пастановы Ленінскага райсуда Брэста ад 28 лютага 2018 года. Тады блогер быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні правапарушэння па частцы 3 артыкула 23.34 КаАП (“Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”). Аднак тое рашэнне абласны суд пакінуў без зменаў.

    Фота “Брестская газета”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці