YouTube-каналы беларускіх дзяржСМІ заблакавлі ў Літве
Глабальны відэахостынг YouTube заблакаваў вяшчанне на Літву беларускіх прапагандысцкіх СМІ, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЕС, паведамляе LRT.

Фота: D. Umbrasas / LRT
Адзначаецца, што рашэнне прынятае па патрабаванні Літоўскай камісіі па радыё і тэлебачанні, якая “ў рамках супрацоўніцтва з Google папрасіла платформу выдаліць 18 беларускіх акаўнтаў”.
У публікацыі LRT пералічаныя 17 YouTube-каналаў, заблакаваных у Літве. Гэта рэсурсы інфармацыйнага агенцтва АТН, тэлеканалаў “Беларусь 1”, “Беларусь 2”, “Беларусь 3”, “Беларусь 5”, “Беларусь 4. Брэст”, “Беларусь 4. Віцебск”, “Беларусь 4. Гомель”, “Беларусь 4. Гродна”, “Беларусь 4. Магілёў”, ТБ-праектаў Factor.by і ZonaX, а таксама радыёстанцый “Радыус-FM”, “Радыус FM Дом”, “Радыё Сталіца”, “Радыё 1” і “Радыё Беларусь”.
Удакладняецца, што літоўскі наглядны орган накіраваў запыт у YouTube у ліпені гэтага года.
“Мы ўдзячныя Літве за ініцыятыву, гэта прэцэдэнт. Аднак мае сэнс блакаваць прапагандысцкія каналы ўвогуле на платформе, а не толькі ў асобных краінах.”, — адзначыў у каментары “Позірку” галоўны дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Краіны Захаду сталі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі пасля выбараў 2020 года. Абмежаванні былі пашыраныя ўвесну 2021-га, пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску і пачатку міграцыйнага крызісу, і ў 2022‑м — пасля таго як Беларусь падтрымала расійскую агрэсію ва Украіне.
