Юрыя Дзешука пакаралі максімальным штрафам, пасля суду затрымлівалі журналістку Вольгу Быкоўскую
У судзе Лідскага раёна 1 сакавіка адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні журналіста-фрылансера Юрыя Дзешука. Суддзя Ігар Кашко прызнаў журналіста вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП і пакараў максімальна магчымым памерам штрафу — на 50 базавых велічыняў (1450 рублёў). Увесь судовы працэс доўжыўся прыкладна гадзіну.
У абарону Юрыя Дзешука ў якасці сведак падчас судовага працэсу выступілі сябра ГА “БАЖ” Вольга Быкоўская і мастак з г. Бяроза Яўген Лукашэвіч. Пасля сканчэння судовага пасяджэння сведкаў затрымалі і даставілі ў Лідскі РАУС. Станам на 18.30 Вольга паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook, што іх вызвалі без складання пратаколаў і нават выбачыліся. Вольгу пратрымалі ў пастарунку больш за дзве гадзіны.
Нагадаем, што 5 лютага ў выніку папярэдняга судовага пасяджэння Юрый Кашко накіраваў адміністрацыйную справу на дапрацоўку ў Лідскі РАУС, а Юрыя Дзешука, якога затрымалі 3 лютага, вызвалі з‑пад варты.
Прычынай пераследу журналіста сталі падзеі, якія адбываліся 18 студзеня 2020 г. у зале суда Лідскага раёна адразу пасля агалошвання крымінальнага прысуду грамадскаму актывісту Вітольду Ашурку. Тады людзі, якія прыйшлі падтрымаць Ашурка, эмацыйна адрэагавалі на вынесены яму вырак — 5 гадоў пазбаўлення волі.
20 студзеня, праз два дні пасля гэтага, Юрыя Дзяшука затрымалі ў межах распачатай крымінальнай вытворчасці паводле ч. 2 арт. 339 КК («Злоснае хуліганства») і на трое сутак змясцілі ў ІЧУ.
Характэрна, што ў дачыненні Дзешука няма аніводнага факталагічнага пацверджання ягонай віны: відэазапісы з залы суда сведчаць акурат пра яго невінаватасць падчас інцыдэнту 18 студзеня.