З Аўстрыі дэпартавалі сербскую журналістку, якая публічна падтрымлівала рэжым Лукашэнкі
Генеральнай дырэктарцы Цэнтра геастратэгічных даследаванняў у Бялградзе (Сербія) і журналістцы Драгане Трыфкавіч таксама забаранілі уезд у Шэнгенскую зону. Як піша The Insider, журналістка вядомая публічнай падтрымкай рэжыму Лукашэнкі. У 2024 годзе яна выступала ў Мінску, дзе стала лаўрэатам прэміі «За мір і правы чалавека». Таксама сербка крытыкавала «антырасійскія настроі» і заходнюю палітыку.

Генеральны дырэктар Цэнтра геастратэгічных даследаванняў у Бялградзе (Сербія) і журналістка Драгана Трыфкавіч
На сваёй старонцы ў Facebook Драгана Трыфкавіч распавяла, што на запыт Грэцыі ёй забаранілі ўезд у Шэнгенскую зону на тры гады. Пра гэта яна даведалася толькі па прылёце ў Аўстрыю, куды яе запрасілі на канферэнцыю «Еўропа без войн і санкцый». Дзве гадзіны жанчыне давялося правесці ў паліцэйскім пастарунку ў аэрапорце Вены.
«Мне сказалі, што маё імя знаходзіцца ў Шэнгенскай інфармацыйнай сістэме. На пытанне, у чым прычына, адказалі, што не ведаюць. Папрасілі заплаціць штраф у 1000 еўра за тое, што я парушыла закон і паспрабавала ўвайсці ў Шэнгенскую зону, нягледзячы на забарону», — цытуе The Insider сербку.
У 2024 годзе Драгана Трыфкавіч выступала ў Мінску, дзе стала лаўрэатам прэміі «За мір і правы чалавека». У рамках свайго выступу яна, у прыватнасці, казала:
«Гэта не першае маё наведванне Беларусі. Краіна вельмі спакойная, развітая, будуецца вельмі шмат аб’ектаў. Я разумею, што ідзе вельмі моцная прапаганда супраць Беларусі. Санкцыі супраць беларускага народа несправядлівыя. Спадзяюся, мы зможам з цягам часу ануляваць такі механізм эканамічнага ціску на краіны. А санкцыі — гэта механізм ціску. (…)
Мы бачым, якія негатыўныя працэсы зараз ідуць у Еўропе, цэнзура павялічваецца, як і рэпрэсіі. Для міжнародных экспертаў Беларусь цікавая як пляцоўка для развіцця супрацоўніцтва, бо ў Еўропе немагчыма выступіць, вельмі моцны ціск. Вельмі шмат рэпрэсіяў супраць журналістаў. У Беларусі зусім іншая атмасфера».
Нагадаем, што па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў зараз у Беларусі за кратамі знаходзіцца не менш за 40 прадстаўнікоў медыя.
У сваіх іншых выступах Трыфкавіч казала, што любоў да Расіі з’яўляецца часткай нацыянальнага характару сербскага народа і што асаблівае стаўленне да расейцаў «перадаецца з малаком маці». На яе думку, менавіта гэтыя гістарычныя сувязі двух народаў дазволілі сербам не ўспрымаць «антырасійскія настроі, якія актыўна распаўсюджваюцца ў іншых краінах Еўропы».
