• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З экс-палітвязня журналіста Ігара Карнея спаганяюць грошы за ўтрыманне пад вартай у СІЗА

    Спавяшчэнні з патрабаваннем неадкладна сплаціць 63 рублі дасылаюць на хатні адрас журналіста ў Мінску. Ігар Карней тым часам вымушана знаходзіцца за мяжой, бо быў прымусова вывезены з Беларусі 21 чэрвеня 2025 года пасля датэрміновага вызвалення з калоніі.

    ігар карней

    Ігар Карней. Фота: асабістая старонка ў Facе­book

    Пра тое, што афіцыйная папера з аддзела прымусовага выканання знайшлася ў ягонай паштовай скрыні, Ігар Карней расказаў  на сваёй старонцы ў Face­book:

    «Аказваецца, патрабуюць пагасіць запазычанасць за атрыманыя паслугі на Валадарцы. За 2023 год! Паўтары базавыя, то бок 63 рублі! Пры гэтым юрысты кажуць, што спагнанне абсалютна незаконнае: пакуль чалавек у статусе падазраванага і следства толькі высвятляе абставіны “злачынства”.

    Схамянуліся, калі ўжо і СІЗА № 1 даўно пераехала ў Калядзічы, і базавая вырасла на 5 рублёў. Прыдумаць чарговую абдзіралаўку заднім чыслом — як два пальцы. Памножыць на дзясяткі тысяч палітычных, якія прайшлі праз Пішчалаўскі замак, — хоць якая прыбаўка. Да таго ж, акрамя паўгода ў 2023‑м, яшчэ тры з паловай месяцы быў там ад пачатку 2024-га, значыць, у чаканні дадатковай позвы».

    Спавяшчэнне Ігару Карнею. Фота: асабістая старонка ў Face­book

    У каментарах да гэтага допісу азваўся яшчэ адзін былы палітвязень, журналіст і блогер Ігар Лосік, які таксама быў вызвалены датэрмінова і дэпартаваны ў Літву.

    «Мне такая ж прыйшла. А яшчэ запрашэнне прыйсці на біржу працы, — піша Лосік. — “Пры сабе мець пашпарт і даведку пра вызваленне”».  

    Апошняе патрабаванне выглядае асабліва дзіўным: даведак пра вызваленне вывезеныя за мяжу палітвязні так і не атрымалі. Таксама не ўсім вызваленым палітвязням аддалі пашпарты.

    «Левая рука дзяржаўнай сістэмы часта нават не здагадваецца пра існаванне правай, — піша Ігар Карней, маючы на ўвазе практыку “выкідання” палітзняволеных за межы краіны, не прадугледжаную нормамы беларускага заканадаўства. — А цяпер паралельныя структуры грозна папярэджваюць, што калі не з’яўлюся “на кавёр”, то буду “подвергнут приводу”».

    Ігар Карней, які  шмат гадоў працаваў журналістам Радыё «Свабода», быў затрыманы 17 ліпеня 2023 года. Па абвінавачанні ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» ў сакавіку 2024 года яго асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі і 20 тысяч рублёў штрафу. 

    Ужо ў зняволенні журналіста звінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі № 17 і дадалі яшчэ 10 месяцаў, узмацніўшы рэжым адбыцця пакарання. 

    Ігар Карней быў вызвалены 21 чэрвеня 2025 года разам з 14-цю іншымі палітвязнямі пасля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША. Але ў Беларусі ад вязняў пазбавіліся: вывезлі ў Літву, не пытаючыся іх згоды на тое. Журналіст адбыў за кратамі па палітычна матываваным прысудзе амаль два гады.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці