З якой мэтай сілавікі зладзілі гучныя пагромы ў рэгіянальных СМІ? Разважае Любоў Лунёва
Для чаго ўлады паслалі сілавікоў у рэдакцыі правінцыйных газетаў і паказалі «гэтую страшылку» тэлегледачам? Чые інтарэсы стаяць за такімі дзеяннямі і на каго яны разлічаныя? Гледачам паказалі ўварванне сілавікоў у рэдакцыі газетаў і допыты рэдактараў. Гаворка ішла пра Babruisk.info, «Вечерний Бобруйск», «Вольнае Глыбокае» і «УзГорак».

Ператрус у рэдакцыі газеты «Вольнае Глыбокае». Глыбокае, Беларусь. Травень 2025 года. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube
Паводле прапагандыста Ігара Тура, газеты вінаватыя ў тым, што атрымлівалі грошы ад нямецкай амбасады для напісання матэрыялаў пра Нямеччыну. На кадрах узброеныя сілавікі з аўтаматамі напагатове ўрываюцца ў рэдакцыю «Вечернего Бобруйска», крычаць: «Рукі!!! Усе ўсталі!!! Рукі на стол!!!» У рэдакцыі дзве маладыя жанчыны і мужчына. Гледачам паказваюць кніжку ў супервокладцы «Факты пра Нямеччыну».
А вось тое, што Тур кажа наконт кніжкі, заслугоўвае асобнай увагі: Нямеччына сталася другою радзімаю для студэнтаў з Беларусі, іх там чакаюць на вучобу; як немцы ратавалі сабакаў і катоў з Берасця; краіна, дзе няма пабораў у дзіцячых садках; пенсійная галеча пагражае беларусам, а немцам – не; рэдкая прафесія, якую можна атрымаць беларусам у Нямеччыне і гэтак далей. Гэта загалоўкі не акупацыйных газетаў часоў Вялікай Айчыннай вайны і не ўмоўная «Наша Ніва», нягледзячы на падабенства паводле стылістыкі і зместу.
Далей прапагандыст кажа: «Мы мала ўвагі надавалі інтэрнэт-выданням у рэгіёнах, засяродзіўшыся на мастадонтах замежнага ўплыву». Паводле яго, замежныя пасольствы «кармілі» буйныя медыі, а дробныя падбіралі крошкі. І тут ён робіць акцэнт на тым, што грошы давалі ў тым ліку немцы, а гэта «асабліва абразліва беларусам у год Вялікай перамогі». Мы да гэтага вернемся, а пакуль паглядзім, што ж такога страшнага нарабілі немцы гэтым разам.

Ператрус у рэдакцыі газеты «Вольнае Глыбокае». Глыбокае, Беларусь. Травень 2025 года. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube
Гледачам дэманструюць кадры ператрусу ў рэдактара «Вечернего Бобруйска» Валянціна Сысоева, а голас усё таго ж Тура вяшчае, што знайшлі «візітоўкі ўсякіх немцаў ды іншыя гадасці». На кадрах – і праўда візітоўкі: адна належыць журналісту з маленькага літоўскага Марыямпале, а яшчэ дзве – ад выкладчыкаў з адукацыйнага цэнтру журналістыкі. Гледачам паказалі і допыт рэдактара. На відэа стаіць дата 28 сакавіка 2025 года. 31 сакавіка Сысоева арыштавалі на 15 содняў, абвінаваціўшы ў захоўванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Значыць, відэа было зробленае да ўварвання сілавікоў і прытрымлівалі яго для гэтага сюжэту.
Аўтары ўвесь час падкрэслівалі, што пасольства Нямеччыны заключала дамовы аб напісанні матэрыялаў пра нямецкую культуру з экстрэмісцкім выданнямі. Але «Вечерний Бобруйск» не прызнаны такім. Газета выходзіць да сёння і сайт працуе. Сцвярджаецца, што за пяць гадоў, з 2020-га, газета атрымала 30 429 долараў ЗША. І што ў гэтым такога? Абраза беларускага народу?
У рэдактара Babruisk.info Анатоля Сананенку знайшлі страшны кампрамат – старое запрашэнне на прыём у амбасаду Нямеччыны. Аўтары сцвярджаюць, што за артыкулы пра архітэктуру нямецкіх гарадоў, культуру, музычныя фестывалі рэдакцыя з 2019 года атрымала 55 561 рубель. Дарэчы, і гэтае выданне не прызнанае экстрэмісцкім.
Бухгалтарка газеты «УзГорак» на камеру апавяла, што і праўда нямецкае пасольства вылучала тыя сумы, якія сам Тур назваў у эфіры мізэрнымі. Паводле жанчыны, гэтыя грошы ішлі на аплату арэнды, дастаўку газетаў, заробак работнікаў. А іх і былі ўсяго чатыры чалавекі – рэдактар, ягоны намеснік, бухгалтарка і журналіст. Ну, на 2500 еўраў за год яны ўчатырох жылі, вядома, з размахам. Наконт экстрэмізму і тут не пракатвае: толькі тры месяцы, як сайт і старонкі газеты ў сацыяльных сетках абвясцілі экстрэмісцкімі.
Асаблівую ўвагу Тур удзяліў былой закрытай газеце «Вольнае Глыбокае». Нягледзячы на тое, што газета выдавалася ў Глыбокім, яна карысталася вялікаю папулярнасцю, у тым ліку і ў сталічных чытачоў. Там публікаваліся цікавыя краязнаўчыя матэрыялы, было шмат артыкулаў пра гісторыю Глыбокага, пра старажытныя будынкі, якія не захаваліся да нашых дзён, пра славутых беларусаў рэгіёну.
Ігар Тур з экрана заявіў: «Чэснае слова, я не ведаў, што там была «апазіцыйная газяцёнка «Вольнае Глыбокае». А вось у гэта я паверу. Дык што ж паказалі гледачам? Груба змантаванае відэа допыту рэдактара Уладзіміра Скрабатуна. Яго таксама запісалі не ў дзень аблавы, а 3 красавіка. Тур заявіў пра 17 000 долараў, якія паступілі на рахунак выдаўца «Дарога на Вільню» і дадаў, што бухгалтарка гэтыя грошы скрала і пабудавала сабе дом на беразе возера.
Але вернемся да пытання, на каго разлічаны гэты сюжэт. На беларускага гледача? Наўрад.
Наш глядач за гэтыя пяць гадоў такога наглядзеўся ў эфіры, што гэтыя кадры з аповедамі, што журналісты хацелі пісаць пра заробкі, гарады, адукацыю ў Нямеччыне як пра нешта пазітыўнае, а насамрэч гэта не так, даўно нікога ўразіць не могуць. І да сілавікоў з крыкамі «Рукі!!!» усе ўжо прызвычаіліся. Тады на каго?
Адказ напрошваецца сам сабой: на прадстаўнікоў пасольства. Ну, як яшчэ можна паспрабаваць прымусіць немцаў зачыніць дзверы амбасады і супольныя праекты для навукоўцаў, пісьменнікаў, кампазітараў, журналістаў? Бо місія пасольства якраз і палягае ў наладжванні кантактаў і супрацы паміж краінамі. І амбасады павінны працаваць з медыямі, каб папулярызаваць сваю нацыянальную культуру. Яны проста абавязаныя ўзаемадзеяць з журналістамі і медыйнымі арганізацыямі. А навошта тады пасольствы Беларусі ў іншых краінах ладзілі выставы, канцэрты, спектаклі? Чым далей, тым больш мы гаворым пра гэта ў мінулым часе.
Зразумела, каму спатрэбілася знішчыць выспачку гэтай маленькай сувязі еўрапейскай цывілізацыі з Беларуссю. Таму, хто хоча, каб нашая краіна аказалася ў поўнай ізаляцыі. Таму, каму трэба, каб напярэдадні супольных вайсковых вучэнняў з расейскім агрэсарам адбыўся дэмарш пасольства ФРГ. Так што рэч зусім не ў астатках тых медыяў, якіх яшчэ проста не паспелі дабіць. Вельмі хочацца верыць, што амбасада Нямеччыны будзе працягваць сваю працу. Нельга дапусціць ізаляцыі Беларусі ні ў якім разе.
Гэтая сітуацыя нагадала мне размову з кіроўцам аўтобуса ва Украіне ў 2016 годзе. «Маёй маці 94 гады. Яна казала: «Калі б мне сказалі, што на нас нападзе Расея, а Нямеччына будзе нам дапамагаць, я б ні за што не паверыла», – апавёў гэты мужчына. Ужо быў захоплены Крым, ішлі баі на Данбасе. А Нямеччына дапамагала і дапамагае Украіне.
