• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З‑за кратаў вызвалілі блогера Паўла Вінаградава

    Беларускія ўлады вызвалілі грамадскага актывіста, блогера, тэлевядоўцу Паўла Вінаградава. Гэта адбылося сёння, 11 верасня, пасля візіту ў Мінск прадстаўніка амерыканскага прэзідэнта Джона Коўла.  Усяго ў гэты дзень на волю па памілаванні выйшлі 52 палітычныя вязні, іх вывезлі з Беларусі ў Літву.

    Блогер Павел Вінаградаў

    Блогер Павел Вінаградаў пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Позірк»

    Паўла Вінаградава затрымалі 22 снежня 2021 года ў Беразіне (Мінская вобласць), дзе ён жыў з сям’ёй. За допіс у Face­book Паўла абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў: арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці), арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 387 КК (паклёп на прэзідэнта).

    Суд над Паўлам Вінаградавым распачаўся 10 сакавіка 2022 года ў Мінскім абласным судзе і праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд абвесцілі 16 сакавіка 2022 года — пазбаўленне волі на 5 гадоў з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    У калонію ў Ваўкавыску Павел Вінаградаў быў накіраваны ўлетку 2022 года, але неўзабаве стала вядома, што ён захварэў на сухоты — палітвязня перавялі ў Оршу ў спецыялізаваную калонію № 12, дзе ўтрымліваюць асуджаных, якія хварэюць на туберкулёз. К таму часу малады мужчына рэзка страціў вагу — схуднеў на 36 кілаграмаў. Нягледзячы на гэта, адміністрацыя ПК-12 кідала яго ў ШЫЗА і ПКТ. Па завяршэнні курсу лячэння ў ПК-12 ў лютым 2023 года яго вярнулі ў ваўкавыскую калонію.

    Яшчэ ў СІЗА пры жодзінскай турме, дзе Паўла ўтрымлівалі да суда, яго паставілі на ўлік як «схільнага да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяў». Падчас следства таксама трымалі тыдзень у штрафным ізалятары.

    Павел Вінаградаў

    Павел Вінаградаў да затрымання

    У пачатку снежня 2023 года стала вядома, што палітзняволенага хочуць перавесці на турэмны рэжым. У судзе Ваўкавыскага раёна 6 снежня адбыўся суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання на турэмны. Па рашэнні суддзі Мікалая Сяргейкі, Паўла перавялі ў турму № 1 у Гродне.

    Грамадскі актывіст стаў палітвязнем другі раз. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года яго асудзілі на 4 гады зняволення па абвінавачанні ва ўдзеле ў пратэстах.

    Павел Вінаградаў — адзін з рэкардсменаў у прэвентыўных затрыманнях, яго затрымлівалі літаральна перад усімі масавымі мерапрыемствамі ў Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці