• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “За пярэваратня ў пагонах” фрылансеру Жукоўскаму — штраф

    Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 7 сакавіка пакараў Кастуся Жукоўскага  штрафам у памеры 245 рублёў за паклёп на супрацоўніка Дзяржаўтаінспекцыі (артыкул 9.2 КаАП).

    Кастусь Жукоўскі

    Падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы Кастусь Жукоўскі, будучы кандыдатам ў дэпутаты Гомельскіх абласнога і гарадскога саветаў, зладзіў пікет каля ўпраўлення ДАІ на вуліцы Фядзюнінскага. Крытычныя выказванні кандыдата на пікеце абярнуліся адміністрацыйнай справай.

    Старшы інспектар ДАІ, маёр міліцыі Уладзімір Кадзетаў напісаў заяву ў Чыгуначны РАУС, што Жукоўскі паклёпнічаў на яго. Называў “пярэваратням у пагонах”, які “не мае права служыць у міліцыі”, сцвярджаў пра складанне “ліпавых” пратаколаў. На падставе заявы Кадзетава і быў складзены адміністрацыйны пратакол пра паклёп “Я ў міліцыі служу дваццаць гадоў, у тым ліку пятнаццаць — у ДАІ. Маю адзнакі “Выдатнік ДАІ” і “За выдаткую службу”. Пратаколаў склаў за гады службы шмат, ніякія суды іх не адмянялі”, — заяўляў у судзе Кадзетаў.

    Адміністрацыйную справу супраць кандыдата ў дэпутаты разглядаў суддзя Чыгуначнага райсуда Гомеля Дзмітрый Дзябой.

    Жукоўскі віну не прызнаў, але пацвердзіў, што сапраўды ўжываў занатаваныя ў адміністацыйным пратаколе выразы. Гэта яго меркаванне наконт пэўнай часткі супрацоўнікаў ДАІ, у прыватнасці, маёра Кадзетава. Бо большасць дзяржаўтаінспектараў, на думку адказчыка, годныя службоўцы.

    Жукоўскі патлумачыў суду, што ягоныя выказванні грунтаваліся на падставе відэаздымкаў складання Кадзетавым двух пратаколаў у дачыненні гомельскага будаўніка Паўла Главацкага. Яны не адпавядалі рэчаснасці. Суд Чыгуначнага раёна адмяніў на той час штраф Главацкаму, накладзены міжраённым аддзелам ДАІ за нібыта парушэнне ім як пешаходам правілаў дарожнага руху.

    Пра гэта сведчыў у судзе і сам Павал Главацкі, прынёс нават відэазапіс падзеі.

    Аднак суддзя Дзябой не задаволіў хадайніцтва адказчыка далучыць гэты відэазапіс да справы. Палічыў яго недатычным да цяперашняга разбіральніцтва. Зачытаў таксама даведку з ДАІ: міжраённы аддзел паўторна аштрафаваў будаўніка Главацкага.

    “Буду абскарджваць пастанову на штраф. У маёй перадвыбарчай праграме быў пункт аб тым, што “пярэваратням ў пагонах”, несумленным супрацоўнікам не месца ў органах правапарадку. Гэта было маё меркаванне як кандыдата ў дэпутаты”, — кажа Кастусь Жукоўскі.

    Праваабаронца Леанід Судаленка, які не быў дапушчаны ў адміністрацыйны працэс прадстаўніком Жукоўскага, але прысутнічаў на судзе, звярнуў увагу на тое, што права на выказванне меркавання не абсалютнае, яно можа абмяжоўвацца, у тым ліку і дзеля абароны іншых асобаў.

    “На мой погляд, суддзя, аднак, не высветліў дасканала, ці наўмысна Жукоўскі рабіў паклёп на супрацоўніка дзяржаўтаінпекцыі? І якім чынам гэта яго абразіла”, — сказаў юрыст Судаленка.

    Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Віктар Адзіночанка, які таксама прысутнічаў на судзе, звярнуў увагу, што выбары – гэта палітычны працэс, на якім гучаць і даволі жорсткія ацэнкі і выказванні.

    “Нейкіх абразлівых эпітэтаў у дачыненні да супрацоўніка ДАІ Жукоўскі не ўжываў. “Пярэварацень ў пагонах” – гэта ўсё ж такі характарыстыка дзейнасці. Апроч таго,  раней Жукоўскаму як кандыдату ў дэпутаты было вынесенае папярэджанне выбарчай камісіяй за пікет каля ДАІ па заяве таго ж маёра Кадзетава”, — зазначыў  Адзіночанка.

    Штраф Кастусю Жукоўскаму, вынесены 7 сакавіка, трэці па ліку за грамадскую дзейнасць.

    Раней суды Буда-Кашалёўскага і Светлагорскага раёнаў штрафавалі яго за інтэрв’юраванне мясцовых жыхароў і незаконны выраб прадукцыі СМІ для тэлеканала “Белсат”.

    Агулам сума штрафаў з улікам апошняга склала 2 205 рублёў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці