За выступ на “Маршы недармаедаў” у Брэсце сябра ГА “БАЖ” Даніл Палянскі пакараны штрафам у 10 базавых велічынь
Данілу Палянскага абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі, што адбылася ў Брэсце яшчэ 26 лютага.
Паводле складзенага супрацоўнікамі міліцыі пратакола, Палянскі “выказваў крытычныя заўвагі на адрас уладаў і дэкрэту з дапамогай гукаўзмацняльніка”.
Як распавёў Службе маніторынга ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сам Палянскі, акцыю ён наведаў як звычайны грамадзянін і не з’яўляўся яе арганізатарам.
“Я проста выказаў сваё меркаванне наконт дэкрэта “аб дармаедах”, але праз некалькі дзён пасля акцыі мяне выклікаў участковы інспектар міліцыі і склаў адміністратыўны пратакол нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, — кажа сябра ГА “БАЖ”. — Тады мяне таксама папярэдзілі, што калі з’яўлюся на наступнай акцыі, якая была запланавана ў Брэсце на 5 сакавіка, дык мяне адразу затрымаюць і я буду чакаць прызначанага на 13 сакавіка суда ў ізалятары”.
Даніл Палянскі таксама падкрэслівае, што ягоны выступ падчас той акцыі не ўтрымліваў ніякіх гвалтоўных заклікаў, засцярагаў ад магчымых правакацый і быў скіраваны на тое, што неабходна звяртаць увагу ўладаў на створаную імі праблему ў выглядзе дэкрэта № 3.
“Але такое адчуванне, што ўлада жыве ў нейкім сваім свеце і не разумее, да якіх наступстваў можа прывесці такая рэакцыя і незадавальненне звычайных людзей, якіх раптам запісалі ў дармаеды”, — падсумоўвае Палянскі.