«Закон і фрыланс»
26 верасня ў рэдакцыі газеты «Борисовские новости» для сябраў ГА «БАЖ» прайшла адукацыйная сустрэча «Закон і фрыланс».
Яе правёў атэставаны юрыст, магістр права Аляксандр Жук.
Дакладчык распавёў пра гісторыю ўзнікнення фрылансу ў Беларусі, адметнасці гэтай з’явы ў сучасным грамадстве, яе ролю ў розных галінах прафесійнай дзейнасці.
Аляксандр Жук прааналізаваў прававое становішча беларускіх журналістаў-фрылансераў, іх магчымасці выконваць прафесійныя абавязкі, выпадкі прыцягнення іх да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама суадносіны нацыянальнага заканадаўства і прынцыпаў свабоды выказвання меркаваня, пошуку, атрымання і распаўсюду інфармацыі.
Другая частка сустрэчы была прысвечана адказам на пытанні сябраў барысаўскай суполкі ГА «БАЖ».
Іх цікавілі практычныя аспекты дзейнасці фрылансераў, магчымасці атрымання прававой дапамогі ў выпадку пераследу з боку дзяржаўных органаў, выкарыстанне норм нацыянальнага заканадаўства і міжнароднага права ў галіне фрылансу.
Сустрэча скончылася на пазітыўнай ноце, з пажаданнямі працягваць карысныя сустрэчы з юрыстамі-адмыслоўцамі.