3 траўня БАЖ і СЖЛ запрашаюць калег у Вільні на акцыю салідарнасці з журналістамі за кратамі
«Трымаемся праўды, трымаемся разам!» 3 траўня, у Сусветны дзень свабоды прэсы, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Саюз журналістаў Літвы правядуць у Вільні акцыю салідарнасці, каб нагадаць пра зняволеных у Беларусі калег і праблемы журналістаў ва ўсім свеце.
Беларусь застаецца самай небяспечнай краінай для журналістаў у Еўропе. Рэжым Лукашэнкі трымае ў турмах 35 прадстаўнікоў медыя. І гэта лічба толькі тых, пра каго публічна вядома.
Нават пасля 3 гадоў з моманту гвалтоўнага падаўлення пратэстаў улады Беларусі працягваюць жорстка караць журналістаў і блогераў. Сумарны тэрмін прысудаў, вынесеных беларускім журналістам летась, склаў амаль 100 гадоў пазбаўлення волі. Сёлета ўлады працягнулі затрымліваць і судзіць журналістаў.
У Сусветны дзень свабоды прэсы Беларуская асацыяцыя журналістаў і Саюз журналістаў Літвы яшчэ раз заклікаюць увесь свет устаць на абарону журналістаў і далучыцца да Марафону салідарнасці з імі.
У Вільні 3 траўня БАЖ і СЖЛ запрашаюць калег на акцыю салідарнасці — з 10‑й да 11‑й гадзіны раніцы сфатаграфавацца з партрэтамі зняволеных у Беларусі ва ўнутраным двары былой царскай турмы «Лукішкі» у цэнтры горада (Lukiškių skg. 6).
БАЖ і ЛСЖ падрыхтуюць партрэты зняволеных калег, а таксама маскі для тых, хто з удзельнікаў і ўдзельніц пажадаюць схаваць твары.
А аб 11:00 ва ўнутраным дворыку турмы прадстаўнікі БАЖ і СЖЛ правядуць брыфінг для прэсы, прысвечаны Сусветнаму дню свабоды прэсы. Брыфінг пройдзе на беларускай і літоўскай мовах. Папярэдняя акрэдытацыя на брыфінг не патрабуецца.
Заклікаем падтрымаць акцыю салідарнасці ва ўсім свеце! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media.
#WorldPressFreedomDay #WPFD2024 #PressFreedom #BecauseTheJournalist