Затрымалі карэспандэнта “Першага Рэгіёна” Сяргея Гардзіевіча
У Драгічыне 22 снежня затрымалі карэспандэнта інфармацыйнага сайта “Першы Рэгіён” Сяргея Гардзіевіча.
Раніцай журналіст прысутнічаў на рэдакцыйнай анлайн-планёрцы, пасля збіраўся ехаць у Брэст на сваім мікрааўтобусе. Як распавяла жонка Сяргея, ён з’ехаў з дому, але не ясна, дзе і пры якіх абставінах ён быў затрыманы.
Сяргей Гардзіевіч перастаў выходзіць на сувязь удзень 22 снежня. Прыкладна а 14.30 жонцы патэлефанаваў следчы і паведаміў, што яе муж затрыманы на 72 гадзіны.
Як паведамлялася раней, 7 снежня Сяргея Гардзіевіча выклікалі ў Драгічынскі раённы аддзел Следчага камітэта наконт праверкі, якая нібыта тычыцца абразы Аляксандра Лукашэнкі ў адным з мясцовых Viber-чатаў.
Святлана Гардзіевіч таксама распавяла, што, як вынікае са слоў следчага, затрыманне звязанае менавіта са справай аб знявазе, паводле якой ладзіцца праверка.
