Затрыманых журналістаў Іллю і Іну Дабратвор аштрафавалі. Забралі грошы і мабільныя тэлефоны
Суд Завадскога раёна аштрафаваў затрыманую ў нядзелю пры асвятленні акцыі ў Мінску журналістку Іну Дабратвор на 45 базавых велічыняў за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Увесь час да суда Іна — шматдзетная маці — правяла на Акрэсціна.
У міліцыі ў Іны забралі ўсе наяўныя грошы і мабільны тэлефон. Пакуль яны застаюцца пад арыштам нібыта для гарантавання аплаты штрафу. Сама Іна Дабратвор — на волі.
Іллю Дабратвора, якія быў затрыманы ў панядзелак пры асвятленні “Марша мудрасці” ў Мінску, суд Цэнтральнага раёна аштрафаваў на 50 базавых велічыняў (арт. 23.34). На ўтрыманні ў журналіста знаходзіцца старэнькая бабуля, таму суд вымушаны быў абмежавацца штрафам.
Ілля Дабратвор таксама на волі. У журналіста таксама забралі ўсе наяўныя грошы, мабільны тэлефон і флэш-карты. Яны застаюцца пад арыштам нібыта для гарантавання аплаты штрафу.
