• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заўтра беларускіх незалежных медыя: супрацоўнічаць або гібець

    Новыя выклікі прымушаюць беларускія незалежныя медыя даць адказ на пытанне: ці здольныя мы кааперавацца, каб адпавядаць сучасным тэмпам развіцця?

    На канферэнцыі MediaMakers’16 Кай Дзікманн, які нядаўна сышоў з пасады галоўнага рэдактара Bild пасля 15 год працы, распавядаў, што дыджыталізацыя адбываецца надзвычай хутка і рэзка. Найпапулярнейшая нямецкая газета зрабіла неверагодныя высілкі, каб падчас трансфармацыі ў лічбавы фармат захаваць лідарства.

    Толькі адзін факт: сёння Bild мае ў Face­book 70 старонак — на любы чытацкі густ.

    У выніку ёсць рэкордны ў гісторыі выдання ахоп аўдыторыі, які стаў магчымым, у тым ліку, дзякуючы вялізным інвестыцыям у гэты накірунак. Але… Нягледзячы на ўсе поспехі, нягледзячы на 340 тысяч платных падпісчыкаў анлайн-прадукта Bild Plus, дагэтуль больш за ўсё грошай прыносіць папяровая газета — з вялікім адрывам ад усяго астатняга, як зазначыў Дзікманн.

    Здавалася б, тады навошта так укладацца ў розныя анлайн-праекты, калі дабрабыт па-ранейшаму забяспечвае старая добрая папера? Адказ Дзікманна такі: “На жаль, газеты паміраюць нашмат хутчэй, чым мы думаем”.

    Гэтую думку развіў выдавец галандскага праекту De Cor­re­spon­dent Эрнст-Ян Пфаўт: “Калісьці гэта быў па-сапраўднаму магутны рытуал. Кожны дзень вы атрымлівалі фізічнае нагадванне пра ўласную падпіску на газету. У наш час лічбавых медыя гэтага больш няма. Вам трэба змагацца за ўвагу людзей. А яшчэ больш цяжкая барацьба за тое, каб ператварыцца ў паўсядзённую звычку людзей, стаць часткай іх медыярытму”.

     

    У «Trend Report 2016–2020» адзначаецца, што для газет сёння існуюць тры стратэгіі:

    1. Кансерватыўная — захаванне прыярытэту паперы з утрыманнем існуючай аўдыторыі і скарачэннем прыбыткаў;

    2. РС + папера — мінімальная лічбавая трансфармацыя, якая дазваляе захаваць большасць стадый падрыхтоўкі матэрыяла і пры тым атрымаць доступ да сродкаў з лічбавага сегмента. Яе галоўны недахоп у недаўгавечнасці: мяркуецца, што да 2020 года аўдыторыю давядзецца ўтрымліваць у зусім іншых каналах.

    3. Эвакуацыя — поўная лічбавая трансфармацыя з захаваннем папяровага і дэсктопнага фасаду ды прыцягненнем новай аўдыторыі, прымаюцца звычкі медыяспажывання аўдыторыі.

     

    Па прыбытках ў доларавым эквіваленце прэса адкінутая на 16 год таму. Гэта прымушае традыцыйных выдаўцоў шукаць новыя бізнес-мадэлі ў анлайне. Аднак там захоўваецца практыка, згодна з якой буйныя парталы атрымліваюць звыш 80 % рэкламных бюджэтаў, а сярэднія і дробныя пляцоўкі практычна не маюць шансаў атрымаць рэкламу ў істотных аб’ёмах нават пры наяўнасці кантрактаў з агенцтвамі, бо ў апошніх няма стымулу прадаваць малыя аб’емы інвентара. Такім чынам, застаюцца наўпроставыя продажы ды pro­gram­mat­ic, але там ёсць свае праблемы.

    Ужо ў  2016 годзе pro­gram­mat­ic забраў 51 % лічбавых рэкламных выдаткаў, зрабіўшыся прыярытэтным каналам. Чакаецца, што сёлета аб’ёмы рынка pro­gram­mat­ic-рэкламы будуць павялічвацца хутчэй (31 %), чым у сацыяльных медыя (25 %) і відэа (20 %).

    Але стаўленне да pro­gram­mat­ic сярод выдаўцоў усё больш супярэчлівае, бо новая тэхналогія забірае рэкламныя месцы па надзвычай нізкіх коштах. Праз гэта ў рэкламадаўцаў з’яўляецца пытанне: навошта купляць рэкламу непасрэдна на пляцоўках па цэнах з прайс-ліста, калі яе можна набыць па іншым канале ў некалькі разоў танней?

    Насамрэч, існуе цэлы шэраг тэхнічных нюансаў, які дазваляе медыя атрымліваць праз pro­gram­mat­ic значна большыя грошы, чым цяпер. Але ж і тут магчымасці буйных і дробных выданняў непараўнальныя. Дзякуючы магчымасці цягам 2–3 гадоў палепшыць якасць інструментара, тэхналагічны разрыў паміж першымі і другімі не толькі захаваецца, але і ўтворыць непераадольную прорву.

    Буйныя медыяхолдынгі ўжо сёння распрацоўваюць уласныя тэхналогіі, каб персаналізаваць парадак дня пад канкрэтнага чытача. Для гэтага яны маюць мільёны карыстальнікаў, тысячы матэрыялаў, дзясяткі розных актываў і вялізныя сродкі для інвестыцый у будучыню.

    Натуральна, што гэтыя сусветныя тэндэнцыі ўжо зараз у пэўнай ступені назіраюцца і ў Беларусі. Так, у нас іншыя маштабы і хуткасці, але па вялікім рахунку праблемы тыя ж самыя плюс яшчэ мясцовая спецыфіка.

    Сёння незалежныя грамадска-палітычныя медыя ўтрымліваюць лідарства ў некаторых сегментах. Аднак развіццё падзеяў стварае пагрозу неўзабаве страціць заваяваныя пазіцыі. Перадусім таму, што нам элементарна бракуе сродкаў не толькі для развіцця, але і проста для існавання.

    Да прыкладу, нават адносна вялікія недзяржаўныя онлайн-выданні, за рэдкім выключэннем, не маюць такіх жыццёва неабходных спецыялістау як маркетолаг, аналітык статыстыкі, праграміст і гэтак далей. Чаму? Дорага!  

    У выніку мы запраграмаваныя на атрыманне новых тэхналогій і навыкаў занадта марудна. А гэта непазбежна вядзе да страт: фінансавых і аўдыторыі.

    Якое выйсце? На маю думку, трэба кааперавацца хаця б на асобных накірунках. Хай сабе напачатку адзін маркетолаг будзе працаваць на тры-чатыры выданні, як гэта ні дзіўна гучыць. Бо ўсё адно гэта лепш, чым нуль маркетолагаў на тыя ж тры-чатыры медыя.

    Я цудоўна ведаю, што апошнім часам дамаўляцца нават у нашым асяродку робіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Некаторыя разлічваюць, што яны выжывуць у любым разе, умоўна кажучы, адрэзаўшы некалькі пальцаў, або нават адну руку, а вось астатнія… Вельмі прыкра назіраць за праявамі злараднасці сярод медыйнай супольнасці, калі ў суседа сканала карова. Гэта сведчыць пра чалавечыя якасці ды інтэлектуальную няспеласць тых, хто існуе паводле прынцыпу “памры ты сёння, а я — заўтра”.

    Аднак ёсць, дзякуй Богу, і іншыя, адэкватныя людзі. Спадзяюся нават, што іх больш. Калі яны здолеюць паразумецца, то з’явіцца шанец знайсці рашэнні, прынамсі, некаторых праблем з агромністага спісу.

    Так ці інакш, сёння перад кожным з кіраўнікоў незалежных медыя стаіць пытанне: кааперавацца з калегамі ці трымацца пазіцыі “мая хата с краю”? Супрацоўнічаць або гібець?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці