Заўтра працэс аб ліквідацыі БАЖ. Прыгадваем слаўную гісторыю нашай арганізацыі
27 жніўня а 10:00 у Вярхоўным судзе Беларусі прызначаны разгляд пазова Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў — сябра Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў.
Власти хотят ликвидировать Белорусскую ассоциацию журналистов (хроника, документы)
На сённяшні дзень Беларуская асацыяцыя журналістаў налічвае больш за 1300 сябраў, якія працуюць у розных перыядычных выданнях, на радыё і тэлебачанні, у выдавецкіх кампаніях. Прыгадваем кароткую гісторыю нашай супольнай арганізацыі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў дзейнічае з восені 1995 года.
З 1997 г. БАЖ — сябра Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў (IFJ).
У 2003 г. Сусветная асацыяцыя газет (WAN) узнагародзіла БАЖ «Залатым пяром свабоды» (Golden Pen of Freedom prize).
У снежні 2004 г. Еўрапейскі парламент уганараваў БАЖ прэміяй імя Сахарава «За свабоду думкі».
У чэрвені 2011 г. Атлантычная Рада Злучаных Штатаў Амерыкі ўзнагародзіла БАЖ «Прэміяй Свабоды Атлантычнай Рады». Разам з журналісцкай арганізацыяй ёй былі ўганараваныя незарэгістраваны Праваабарончы Цэнтр «Вясна» і беларускі «Свабодны тэатр».
З 2013 г. БАЖ — поўны сябра Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў (EFJ).
З 1998 г. БАЖ стала вядзе маніторынг парушэнняў свабоды выказвання і правоў СМІ. У арганізацыі існуе сетка ўласных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі, якія аператыўна збіраюць і дасылаюць інфармацыю аб стане медыя ў сваім рэгіёне.
Падчас выбарчых кампаній у 2004, 2006, 2007, 2010, 2012, 2015, 2016, 2019 і 2020 гадах БАЖ вёў маніторынг асвятлення тэмы выбараў беларускімі СМІ. Журналісты ў Мінску і рэгіёнах рабілі колькасны і якасны аналіз публікацый і праграм у дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, фіксуючы час, адведзены розным суб’ектам выбарчага працэсу, і адзначаючы манеру іх рэпрэзентацыі.
Усе 25 гадоў працы БАЖ займаўся абаронай правоў і законных інтарэсаў беларускіх журналістаў: гэта тысячы судовых працэсаў, юрыдычных кансультацый, нацыянальных і міжнародных кампаній у падтрымку калег.
Таксама ўсе гады БАЖ займаўся пажвышэннем прафесійных навыкаў калег: сотні трэнінгаў і навучальных курсаў па вельмі розных накірунках журналістыкі, круглыя сталы і канферэнцыі па найбольш вострых пытаннях жыцця медыясферы.
Ну і канешне ж БАЖ з’яўляецца ўнікальнай крыніцай інфармацыі пра сітуацыю ў сферы СМІ ў Беларусі. Гэтая інфармацыя змяшчаецца на сайце БАЖ, калегі з розных медыя і міжнародных арганізацый звяртаюцца ў БАЖ, калі ім патрэбна даведацца пра падзеі ў медыясферы ў Беларусі.
БАЖ — унікальная арганізацыя, якая 25 гадоў абараняла правы журналістаў у Беларусі. Мы ганарымся гэтым, ганарымся нашай супольнасцю і нашымі сябрамі.
Мы разам — Беларуская асацыяцыя журналістаў!