У Гродне сёння распачаўся завочны суд над журналістам Алесем Кіркевічам
У Гродзенскім абласным судзе 8 ліпеня а 10‑й гадзіне распачаўся завочны суд над журналістам Алесем Кіркевічам. Яго вінавацяць у садзеянні экстрэмісцкай дзейнасці. Справу суд разглядае ў парадку спецыяльнай вытворачасці, бо Кіркевіч з’ехаў з Беларусі раней, асцерагаючыся палітычна матываванага пераследу. На працэс прызначаны суддзя Юрый Казакевіч.

Алесь Кіркевіч. Фота: Радыё Свабода
Спецыяльную вытворчасць паводле частак 1 і 2 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці) у дачыненні да Алеся (Аляксандра) Кіркевіча распачалі 29 сакавіка 2024 года. Сутнасць абвінавачання невядомая.
Гродзенскі журналіст-фрылансер, пісьменнік і краязнаўца, колішні намеснік старшыні «Маладога фронта» Алесь Кіркевіч — былы палітвязень. Ён браў удзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. На пачатку 2011-га быў арыштаваны. 5 траўня 2011 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прыгаварыў яго да 4 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў наваполацкай папраўчай калоніі, быў вызвалены праз памілаванне 1 верасня 2011 года.
Цяпер, паводле артыкула 361–4 КК РБ, яго могуць асудзіць да пазбаўлення волі тэрмінам да 7 гадоў.
