Збор у падтрымку беларускіх жанчын
Напярэдадні 8 сакавіка праект «Хуткая гуманітарная дапамога» распачынае збор у падтрымку беларусак. Тут можна дапамагчы тым, хто мае ў гэтым вялікую патрэбу.
8 сакавіка — Дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за свае правы. А яшчэ гэта нагода ўзгадаць пра тых, каму сёння асабліва цяжка. Многія беларускія жанчыны сёння сутыкаюцца з цяжкасцямі: хтосьці знаходзіцца ў зняволенні, хтосьці ўжо на волі, але ўсё яшчэ мае патрэбу ў падтрымцы. Ім даводзіцца пачынаць жыццё нанова, спраўляцца з наступствамі перажытага і клапаціцца пра сваё здароўе.
У знак салідарнасці з беларускамі праект «Хуткая гуманітарная дапамога» аб’явіў штогадовы дабрачынны збор дапамогі пацярпелым жанчынам.
Сабраныя грошы пойдуць на перадачы з самым неабходным:
- гігіенічныя сродкі (мыла, гель для душа, шампуні, бальзамы для валасоў, крэмы для твару і цела);
— лекі;
— базавыя рэчы (ручнікі, брытвы, прадметы гігіены);
— іншыя неабходныя прадметы.
Гэта не проста рэчы. Гэта тое, што дасць жанчынам пачуццё ўласнай годнасці, зробіць іх жыццё больш якасным, падтрымае іх. Гэта дасць ім надзею і веру ў людзей. Гэта знак нашай увагі і клопату.
Як дапамагчы?
У беларусаў ёсць традыцыя талакі. Толькі аб’яднаўшыся (узгадайце, як нашыя продкі цэлымі вёскамі будавалі адно аднаму дамы!) мы зможам падтрымаць беларускіх жанчын і зрабіць іх жыццё больш дасканалым. Толькі з вашай дапамогай яны атрымаюць надзею, падтрымку і ўвагу.
Акцыю арганізоўвае праект «Хуткая гуманітарная дапамога», куды ўваходзяць фонд BYSOL, грамадская кампанія By_Help, дыбрачынны фонд «Краіна для жыцця» і ініцыятыва Dissidentby.
ДАПАМАГЧЫ
Сума збору: €8 000. На кожную жанчыну плануецца выдаткаваць каля €150.
Калі атрымаецца сабраць больш — падтрымка будзе больш шырокай, і яшчэ больш жанчын яе атрымаюць.
Кожны з нас ведае: самае цяжкае — застацца ў бядзе без падтрымкі. Дабро — не проста слова, гэта — дзеянне. І яно заўсёды вяртаецца назад.
