• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жанна Літвіна і Алесь Бяляцкі абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі з прадстаўнікамі ЕС

    Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці прапаноўваюць ЕС не зніжаць узровень маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Сітуацыя з правамі чалавека абмяркоўвалася падчас візіту ў Брусель старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага і экс-старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной 2—3 лютага.

    Бяляцкі і Літвіна сустрэліся з намеснікам генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельгай Шмід, спецыяльным прадстаўніком ЕС па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідысам, пасламі еўрапейскіх краін пры ЕС па палітычных пытаннях і пытаннях бяспекі, а таксама іншымі прадстаўнікамі Еўрасаюза, якія займаюцца праблематыкай правоў чалавека.

    «Беларускія праваабаронцы адзначылі, што пасля вызвалення ў жніўні 2015 года палітычных зняволеных ніякіх іншых пазітыўных зменаў у сферы правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі не адбылося, а прэзідэнцкія выбары ў кастрычніку прайшлі з вялікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі», — паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

    Бяляцкі і Літвіна звярнулі ўвагу суразмоўцаў на ігнараванне ўладамі адкрытага звароту праваабаронцаў ад 9 снежня. У ім прапаноўвалася неадкладна пачаць працэс дэмакратычных пераменаў у краіне: спыніць палітычны пераслед апазіцыйных актывістаў, пачаць рэгістрацыю грамадскіх арганізацый і палітычных партый без цэнзуры, стварыць бяспечныя ўмовы вяртання ў краіну палітуцекачоў, спыніць пераслед незалежных журналістаў і дэмакратычных СМІ, увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

    На думку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, праблемы з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі працягваюць насіць сістэмны характар: адзначаецца націск на актывістаў і журналістаў, выносяцца новыя смяротныя прысуды і адмовы ў рэгістрацыі грамадскіх арганізацый.

    Бяляцкі і Літвіна заклікалі ЕС прыняць і апублікаваць план «першачарговых чаканых ад уладаў Беларусі мер, накіраваных на прагрэс у сферы правоў чалавека ў краіне», а таксама ўзгадніць з імі «дарожную карту» па выкананні гэтага плана.

    У паведамленні адзначаецца, што візіт Літвіной і Бяляцкага ў Брусель праходзіць незадоўга да прыняцця Еўрасаюзам рашэння аб санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека і фальсыфікацыі на выбарах. «Прадстаўнікі Еўрасаюза і паслы краін ЕС запэўнілі беларускіх праваабаронцаў, што, нягледзячы на тое, якое рашэнне будзе прынятае па санкцыях, увага да Беларусі з боку Еўрасаюза не паменшыцца, што дэмакратычныя свабоды і правы чалавека будуць заставацца прыярытэтнымі пытаннямі ў адносінах ЕС і Беларусі», — падкрэслівае праваабарончы рэсурс.

    Дзеянне візавых і эканамічных санкцый у дачыненні да 171 фізічнага і 10 юрыдычных асобаў Беларусі было прыпыненае 31 кастрычніка 2015 года на чатыры месяцы ў адказ на вызваленне ўсіх палітвязняў і «ў кантэксце паляпшэння адносін паміж ЕС і Беларуссю». Да канца лютага ЕС павінен вызначыцца з нагоды далейшага лёсу абмежавальных мер. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Савета ЕС, пытанне па Беларусі будзе разглядацца 15 лютага Саветам ЕС па замежных справах.

    Між тым беларускае МЗС неаднаразова заяўляла, што ў Мінску разлічваюць на поўную адмену санкцый.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці