• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Спадзяюся, мы аднойчы трапім на зоркапад Персяіды». Жонка Дзяніса Івашына Вольга — пра тры гады без мужа

    12 сакавіка 2021 года падзяліла жыццё сям’і журналіста Дзяніса Івашына на «да» і «пасля». У гэты дзень яго затрымалі супрацоўнікі КДБ у Гродне.  Вольга Івашына распавяла Беларускай асацыяцыі журналістаў, якімі былі гэтыя тры гады без каханага.

    Дзяніс Івашын Полацк

    Дзяніс Івашын. Фота: з асабістага архіва

    Спачатку журналіста вінавацілі ва «ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», а праз паўгода да першага абвінавачання дадалося другое — «здрада дзяржаве». Дзяніса Івашына судзілі цягам месяца, суд адбываўся ў закрытым рэжыме, і ў выніку 14 верасня 2022 года суддзя Гродзенскага абласнога суда Валерый Раманоўскі прызначыў 13 гадоў і 1 месяц калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    Падставай стала прафесійная дзейнасць гродзенскага журналіста. Дзяніс быў рэдактарам-валанцёрам беларускай версіі сайта міжнароднай расследніцкай супольнасці Inform­Na­palm і пазаштатным карэспандэнтам беларускай агульнанацыянальнай газеты «Новы Час». Ён вядомы расследаваннямі пра ўплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, пра скандальнае будаўніцтва рэстарана каля мемарыяльнага ўрочышча Курапаты ў Мінску, а таксама пра службу былых супрацоўнікаў украінскага падраздзялення «Беркут» у сілавых структурах Беларусі.

    Спачатку Дзяніса накіравалі ў магілёўскую папраўчую калонію № 15, дзе ён адчуў на сабе ціск адміністрацыі. А з чэрвеня 2023 года журналіста на тры гады перавялі ў жодзінскую турму, такім чынам узмацніўшы яму рэжым адбывання пакарання.

    Увесь гэты час яго жонка Вольга вядзе групу ў Фэйсбуку і тг-канал з навінамі пра зняволенне Дзяніса. Зараз яна жыве ў выгнанні ў Польшчы і ўсё гэтак жа чакае мужа. 

    Пра Дзяніса-рамантыка

    — Мы пазнаёміліся і пачалі сустракацца з Дзянісам у 2014 годзе. У 2018‑м ён зрабіў мне прапанову. Мы ездзілі ў Вільню на сустрэчу з Папам Рымскім, Дзяніс павёў мяне на гару Трох Крыжоў, дзе прыпаў на калена і прапанаваў стаць яго жонкай. Да вяселля мы рыхтаваліся год, шылі вясельныя строі ў нацыянальным стылі, замаўлялі іх у майстрыхі з Менску, ездзілі на прымеркі. Святкаванне адбывалася на вёсцы.

    Дзяніс вельмі рамантычны, хоць, можа, па знешнасці так і не скажаш. Мы шмат разоў глядзелі з ім на зоркі. У яго на вёсцы ёсць тэлескоп, амаль дзіцячы, куплены ў інтэрнэце. Падчас вяселля мы забаўлялі гасцей тым, што глядзелі ў гэты тэлескоп.

    Дзяніс Івашын вянчанне

    Вянчанне Дзяніса і Вольгі Івашыных. Фота: з асабістага архіва

    Ні разу мы не трапілі на зоркапад Персяіды ў жніўні, але спадзяюся, у нас будзе яшчэ такая магчымасць.

    Як Дзяніс адкрыўся ў сямейных адносінах? Ён вельмі адказны, надзейны. Для яго няма праблемы з прыборкай, дапамогай па доме, Дзяніс умее сам гатаваць. Я нават не ўяўляю, ці ўмее ён крычаць. Я для яго каралева, анёл. Ён мяне заўсёды называў сонейкам, зайчыкам. У нас поўныя павагі і кахання адносіны. У мяне проста цудоўны муж. Мяркую, мне вельмі пашанцавала.

    У лістах ён шкадуе, што шмат часу прысвячаў працы, вонкавым рэчам, а не мне. Зразумела, што гэта ён рабіў і для нас, але па факце самае галоўнае ў жыцці ён прамінаў увагай. Піша, што як толькі выйдзе, мы ад яго не адчэпімся, ён будзе наганяць у дзесяцікратным памеры тое, што прамінуў.

    Я ж наадварот, на дадзены момант разумею, наколькі важнай была яго праца. Хоць на той момант я пакутавала ад недахопу ўвагі.

    Пра арышт

    — 12 сакавіка 2021 года падзяліла жыццё на «да» і «пасля». Калі яго затрымалі, спачатку была разгубленасць, нягледзячы на тое, што мы не раз абмяркоўвалі, што такое можа адбыцца. Пасля была злосць на сістэму і канкрэтных людзей за тое, што паламалі нашыя жыцці. У пэўны момант было адчуванне, што я нічога не магу з гэтым зрабіць. Потым я пачала пісаць пра Дзяніса штодня ў сацсетках, і гэта стала маім адказам, маім змаганнем. Мяне гэта крышку супакоіла, дало сілы перажыць гэтыя тры гады.

    Заставацца ў Беларусі быў наш свядомы выбар. Пасля затрымання Дзяніс настойваў, каб я з’ехала, каб на яго не маглі ціснуць маім затрыманнем. Я ніколі ў думках не злавалася на яго і не спрабавала звінаваціць у тым, што з намі адбылося. Яго схапілі проста на вуліцы, як і тысячы іншых людзей, і зараз трымаюць у закладніках. Добра, што мы не паспелі нарадзіць дзяцей, іначай зараз было б нашмат цяжэй.

    Пра шлях да Бога

    — За час зняволення Дзяніс загартаваўся духоўна, ён аптымістычна глядзіць у будучыню. Ён стаўся бліжэй да Бога, стаўся практыкуючым вернікам. У нас з Дзянісам ёсць час супольнай малітвы, гэта дапамагае адчуваць сувязь праз краты і адлегласць.

    Пра жодзінскую турму

    — Дзе лягчэй вязню, у калоніі ці ў турме, гэта вельмі індывідуальна. Калі адміністрацыя захоча, яна створыць кепскія ўмовы дзе заўгодна.

    У магілёўскай калоніі на Дзяніса ціснулі і за беларускую мову — хацелі пазбаўляць тэлефанаванняў, маўляў, ты мусіш размаўляць толькі па-расійску, іначай ніяк. Ён сказаў, што жонка па-расійску не зразумее, і ўрэшце рэшт ад яго ў гэтым плане адчапіліся.

    А потым яго пачалі кідаць у штрафны ізалятар, і было ўжо не да званкоў. Мяркую, ён быў шчаслівы, што яго адтуль перавялі і пакінулі ў спакоі.

    Зараз мы чакаем званка ад Дзяніса з турмы. Ён напісаў у лісце, што тэлефанаванне за люты нібыта перанеслі на сакавік, то бок мы чакаем два званкі ў гэтым месяцы. Лісты даходзяць, некаторыя досыць хутка. Лісты першага класа наогул за два-тры дні далятаюць. Зрэдку яго наведвае адвакат.

    Дзяніс Івашын падчас суда. Фота: sb.by

    Дзяніс піша, што з ім усё добра, ён не хварэе, робіць спартовыя практыкаванні, шмат чытае, аналізуе інфармацыю з дасяжных крыніц, сочыць па магчымасці за тым, што адбываецца ў свеце. Больш там асабліва няма чаго рабіць, ён зараз проста цэлы дзень сядзіць у камеры і толькі на гадзіну выходзіць на прагулку ва ўнутраны дворык.

    Умовы больш-менш нармальныя. Адзінае, што яму забаранілі перадаць вітаміны, маўляў, вязням там усяго хапае. Але там нават цыбулі не купіш. Перадач няма і яму можна на месяц выдаткаваць толькі адну базавую велічыню, каб «атаварыцца».

    Я не бачыла Дзяніса ад самага дня затрымання. У яго былі толькі два спатканні з маці, пасля агучвання прысуду і пасля разгляду апеляцыі. Калі яго перавялі ў калонію і потым у турму, ніякіх спатканняў яму не дазволілі, бліжэйшае запланаванае нібыта на вясну.

    Пра сёння

    — Тры гады — даволі доўгі прамежак часу. Увесь гэты час я знаходжуся ў падвешаным стане чакання невядома чаго — ці то горшага, ці то лепшага. Дагэтуль не магу вызначыцца, што рабіць са сваім жыццём, як яго ўладкоўваць, нешта планаваць.

    Некалькі апошніх месяцаў адчуваю стому. Разумею, што пакуль нешта змяніць, на нешта паўплываць немагчыма. Таму спрабую трымацца годна, наколькі гэта дазваляюць сілы.

    Дзяніс і Вольга Івашыны. Фота: з асабістага архіва

    А трымацца дапамагае каханне і пэўнасць таго, што мы нічога кепскага не зрабілі, праўда за намі. Робіш што можаш, а ў астатнім давяраеш Богу — няхай будзе так, як ён пастанавіў. Дзяніс кажа, што кахае мяне яшчэ мацней, што мая каштоўнасць для яго яшчэ больш узрасла. Мне як хрысціянцы прасцей, я разумею, што гэта ўсё для чагосьці, не проста так. Ёсць давер Богу, а мы робім, што можам, і што будзе то будзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці