2 траўня ў Вільні: Журналісцкі форум «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ». Запрашаем!
Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз журналістаў Літвы і Рада Еўропы з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы запрашаюць калег на медыйны форум і акцыю салідарнасці са зняволенымі калегамі.

Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Лукішская турма, Вільня, 3 траўня 2024 года. Фота: БАЖ
2 траўня мы зноў нагадаем пра беларускіх журналістаў і журналістак за кратамі, а таксама пагаворым пра новыя выклікі для бяспекі калег.
Форум «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ» збярэ прадстаўнікоў медыя, журналісцкіх арганізацый, дыпламатаў і прадстаўнікоў міжнародных структур каб абмеркаваць пытанні бяспекі журналістаў, супрацоўніцтва паміж журналісцкімі супольнасцямі, пытанні этыкі і якасці медыя.
Для ўдзелу ў форуме ці яго асвятлення просім зарэгістравацца ў ФОРМЕ РЭГІСТРАЦЫІ да 30 красавіка.
Спікерамі і спікеркамі форуму акрамя іншых стануць эксперт Рады Еўропы Андрэй Рыхтэр, віцэ-міністр культуры Літвы Віктар Дзенісенка, дырэктар Літоўскай асацыяцыі СМІ на нацыянальных мовах Эрнэст Алесін.
Працоўныя мовы – беларуская і літоўская.
Папярэдняя праграма форуму. Шчыра запрашаем калег да ўдзелу ў панэлях форуму.
Нагадаем, што сітуацыя з правамі медыя ў Беларусі застаецца найгоршай у Еўропе. Пасля татальных рэпрэсій, што пачаліся з 2020 годзе, праз затрыманні, арышты і пераслед прайшлі болей за 500 беларускіх калег. На дадзены момант БАЖ вядома пра 40 журналістаў і журналістак, якія знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі. Абсалютная большасць недзяржаўных медыя працягваюць эфектыўную працу для беларускай аўдыторыі з‑за мяжы, у тым ліку з Літвы і Польшчы.
Кожны год 3 траўня, у Сусветны дзень свабоды прэсы БАЖ разам з літоўскімі калегамі нагадвае пра журналістак і журналістаў за кратамі і патрабуе іх вызвалення.
Нагадаем, што рэжымам Лукашэнкі БАЖ прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». У сувязі з гэтым мы прадаставім жадаючым магчымасць непублінага ўдзелу ў форуме.
