Журналіст-фрылансер Юрый Дзяшук з’ехаў з Беларусі
Журналіст-фрылансер Юрый Дзяшук з'ехаў з Беларусі. Ён быў пад следствам.
Пра гэта Юрый паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook:
«Я на волі і ў бяспецы. Нажаль, геаграфічна блізка, але маральна вельмі далёка ад роднай Беларусі і любай Бярозаўкі. Гэтая мера вымушаная, але, спадзяюся, не так доўгатэрміновая, як падаецца».
Юрый Дзешук пералічыў шматлікія факты пераследу з боку ўладаў Бярозаўкі, Гродзенскай вобласці, якія вымусілі яго да такога кроку. Прыводзім іх, каб было бачна «асаблівае стаўленне» ўладаў Беларусі да журналістаў.
Верасень 2020 — суд па арт. 23.34 КаАП, 4 базавых велічыні штрафу нібы за ўдзел у акцыі 25 жніўня ў Лідзе, дзе Юрый выконваў працу журналіста.
Жнівень — лістапад 2020 — безліч выклікаў у Лідскі РАУС, пракуратуру і інш. установы па розных надуманых прычынах.
18 студзеня 2021 — суд над актывістам з Бярозаўскі Вітольдам Ашуркам, яму прысудзілі 5 год калоніі. Вітольд Ашурак загінуў у турме ў маі 2021 года. Вінаватыя за гэта не знойдзеныя і не пакараныя. Юрый і Вітольд былі сябрамі.
19 студзеня 2021 года — заведзеная крымінальная справа па арт. 339 ч.2 КК РБ, Юрый Дзяшук праходзіў адзіным падазраваным з больш як паўсотні прысутных на судовым працэсе над Вітольдам Ашуркам.
«Я нічога не выкрыкваў і не заклікаў, бо, натуральна, ў гэты час выконваў журналістскую працу, што пацьверджана шматлікімі відэазапісамі», — гаворыць Юрый.
20 — 23 студзеня 2021 — заключаны ў Лідскі ІЧУ па гэтай жа крымінальнай справе.
Новы віток ціску: у журналіста Юрыя Дзяшука прайшоў ператрус, забралі камп’ютар, ноўтбук, дзве відэакамеры і тэлефон
3 — 5 лютага — ізноў ІЧУ, але ўжо па 23.34 нібы за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і пікетаванне ў залі суда, на тым жа паседжанні. У выніку — 50 базавых велічынь штрафу, на той час 1450 рублёў.
Студзень — травень 2021 — безліч выклікаў у СК, РАУС, допыт КДБ, два вобшукі (ноутбук, 2 відэакамеры, тэлефон, носьбіты інфармацыі так і не вернутыя), дактыласкапія, ДНК, прагон праз паліграф і інш.
Красавік — чэрвень 2021 — «Стаў надзвычай цікавай асобай для падатковай з нездаровай з іх боку зацікаўленасцю да ўсяго майго асабістага жыцця за апошнія 11 год, пачынаючы ад перасячэння мною мяжы з Украінаю у якіх небудзь Макранах яшчэ за часамі цара Гароха, сканчваючы папаўненнем рахунка мабільнага тэлефона на 3 рублі і 43 капейкі 25 кастрычніка 2017 года», — гаворыць Юрый.
Верасень — кастрычнік 2021 года — Зноў выклікі, званкі, позвы.
3 снежня 2021 года — чарговы, трэці за год, вобшук, даставілі ў СК. Там паведамілі, што справа аб працэсе супраць Вітольда Ашурка па арт. 339 ч. 2 КК распачатая ізноў, але ўжо вышэйшымі органамі, назначаныя новыя экспертызы, новая следчая група і, на гэты раз, падазраваныя — некалькі чалавек з тых паўсотні, хто быў у судзе. Папярэдняе раследванне прайшло, экспертызы і следства не выявілі ў дзеяннях Дзешука складу злачынства, і справа была закрытая, што цалкам лагічна.
«Тым часам, разумеючы, што нам абмежаваны выезд з краіны і, маючы непацверджаную інфармацыю, што на гэты раз следства павіннае скончыцца так як трэба Молаху, а выбар з тых, хто мусіць быць чарговымі ахвярамі застаўся невялікі, сярод іх ў спісе фігуруе і маё імя, цягам некалькіх дзён я быў вымушаны прыняць самае складанае ў жыцці рашэнне. Пасля ваганняў «так ці не», прыняццём канчатковага рашэння і тым, як я з адным заплечнікам пераступіў парог хаты, было некалькі гадзінаў на зборы. Нікому, акрамя тых, хто вымусіў мяне і не толькі мяне пайсці на такі крок, не пажадаю гэтага перажыць. Важна адно — мы ўсе ў любым разе вернемся!», — кажа Юрый Дзяшук.
Выехаць дапамагала каманда Bysol.