Журналіст Ігар Ільяш затрыманы за «інтэрв’ю рэсурсам, якія былі прызнаныя на тэрыторыі Беларусі экстрэмісцкімі фармаваннямі»
Пра гэта Ігар Ільяш распавёў у кайданках на відэакамеру сілавікоў. Відэа апублікаваў Telegram-канал, блізкі да аднаго з сілавых ведамстваў.

Ігар Ільяш. Фота: «Новы час»
Пра затрыманне журналіста Ігара Ільяша, мужа палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай, стала вядома раніцай 22 кастрычніка. Яго фотаздымак у кайданках апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
У паведамленні аднаго з тэлеграм-каналаў, звязаных з сілавікамі, намякаецца, што затрыманне Ігара Ільяша нейкім чынам звязана з тэлеканалам «Белсат». У наступным паведамленні была пагроза затрымаць сяброў журналіста, якія нібыта паведамілі пра сітуацыю з ім у незалежныя СМІ.
Увечары 22 кастрычніка той жа тэлеграм-канал, звязаны з сілавікамі, апублікаваў відэа з Ігарам Ільяшом. У «анонсе» відэа аўтары тг-рэсурсу пішуць наступнае: «Па шляху жонкі. Дадзены польскі журналіст-шпіён разам з жонкай займаўся судзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням і зборам звестак для замежных выведак. Судзельніца ўжо даўно сядзіць за экстрэмізм і здраду дзяржаве, а муж дагэтуль быў на волі, бо яго дзейнасць старанна дакументавалася. Выпраўляем гэту абуральную несправядлівасць».
На кадрах уварвання ў кватэру Ільяша бачна, што затрымліваць журналіста прыйшлі як мінімум чацвёра байцоў атрада спецыяльнага прызначэння МУС «Беркут» у поўнай амуніцыі. Ну і аператары-сцэнарысты падобных ролікаў.
На відэа Ільяш распавядае, што да ліпеня 2021 года «з’яўляўся кадравым супрацоўнікам тэлеканала «Белсат», пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам.
«Цягам гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыям, у ліку якіх былі і рэсурсы, прызнаныя на тэрыторыі Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» ў той ці іншы час. За гэта я і быў затрыманы», — сказаў Ігар Ільяш.
Ён таксама дадае, што да яго звярталіся па інтэрв’ю і каментары замежныя СМІ, у тым ліку ўкраінскія. Напрыклад, звяртаўся «украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне з нагоды магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну».
Ігар Ільяш — журналіст і муж журналісткі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), якая з 2020 года знаходзіцца ў зняволенні.
У лістападзе 2020 года Ільяша арыштоўвалі на 15 сутак за «ўдзел у пікетаванні». У ліпені 2021 года яго таксама затрымлівалі на 15 сутак падчас масавых вобшукаў і затрыманняў незалежных журналістаў па ўсёй Беларусі. У кватэры Ільяша правялі ператрус, забралі тэхніку і кнігі.
Справа Кацярыны Андрэевай
Кацярына Андрэева працавала журналісткай на тэлеканале «Белсат». Яе і аператарку Дар’ю Чульцову затрымалі ў лістападзе 2020 года падчас стрыму з «плошчы Перамен» (двор на вуліцы Чарвякова ў Мінску), дзе сабраліся людзі, каб ушанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі.

Кацярына Андрэева
У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову вінаватымі ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК), і прыгаварыў да двух гадоў калоніі.
На Кацярыну Андрэеву падчас зняволення завялі новую крымінальную справу — абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве. 13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў журналістку да 8 гадоў пазбаўлення волі. Паколькі раней яна ўжо была асуджаная, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 8 гадоў і 3 месяцы.
Ужо пасля суда, увосень 2022-га, Вярхоўны суд адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання — «выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве» ў прысудзе Кацярыне Андрэевай замененая на «шпіянаж».
Кацярына Андрэева адбывае пакаранне ў гомельскай папраўчай калоніі № 4. Яна ўнесеная ў спіс «экстрэмістаў».
